У Варшаве адбылася прэзентацыя “Апошняга дыктатара Еўропы” (фота)
Стужка, прызнаная лепшай на Лонданскім фестывалі незалежнага кіно, сабрала тут некалькі дзесяткаў гледачоў.
Падчас прэзентацыі фільма адбылася дыскусія, удзел у якой узялі дырэктар “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін і адзін са стваральнікаў Беларускага дома ў Варшаве Зміцер Бародка.
Зняты летась англійскім рэжысёрам Мэцью Чарльзам фільм распавядае пра падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску, а таксама пра катаванні ў турмах і знікненні ў Беларусі апанентаў улады. Большая частка матэрыялаў здымалася таемна і па частках вывозілася за мяжу.
Нагадаем, што беларуская прэзентацыя фільма была запланавана на 30 красавіка сёлета, аднак падчас яе ў памяшканне, дзе дэманстраваўся фільм, уварваўся спецназ. Былі затрыманыя каля 20 чалавек, якіх неўзабаве адпусцілі.