Алесь Міхалевіч: Маё імя знайшлі ў спісе тэрарыстаў

Яго затрымалі польскія памежнікі. У Вялікабрытаніі ў палітуцекача былі запланаваныя сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў і брытанскім парламенце.

Паводле папярэдніх звестак, Міхалевіча затрымалі на падставе спісаў Галоўнага камандавання паліцыі, каб потым перадаць польскай пракуратуры. Сам палітык у каментары Еўрарадыё кажа, што абвінавачанняў яму не выставілі. Затрыманне ён тлумачыць помстай беларускіх спецслужбаў за сваю палітычную дзейнасць. Дарэчы, палітуцякач са здзіўленнем пабачыў сваё імя ў спісе асобаў, якіх падазраюць у тэрарызме. 

Праз некаторы час пасля затрымання ў аэрапорт да Міхалевіча прыехаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага Кшыштаф Станоўскі.

Нагадаем, Беларусь абвясціла Міхалевіча ў міжнародны вышук, калі ён з'ехаў з краіны. Аднак экс-кандыдат у прэзідэнты атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Дарэчы, суд у Празе адмовіўся задаволіць просьбу беларускай Генпракуратуры аб экстрадыцыі Міхалевіча.

111212 Michalevich.mp3

Еўрарадыё: Як так сталася, што вас затрымалі?


Міхалевіч: Я ляцеў у Лондан, дзе заўтра павінна пачацца сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Міністэрстве замежных спраў Брытаніі з Бытанскімі дэпутатамі і палітыкамі. Падчас праходжання памежнага кантролю я быў затрыманы. Мне паведамілі, што павінна адбыцца дадатковае разбіральніцтва. У мяне забралі пашпарт, паведаміўшы, што Галоўны Камендант польскай паліцыі мяне шукае, каб перадаць польскай Пракуратуры.

Еўрарадыё: Ці сказалі вам, у сувязі з якой справай вас затрымліваюць?


Міхалевіч: Не сказалі. Яны гэтага не ведаюць. У матэрыялах памежнай службы гэтага няма.

Еўрарадыё: А вы самі, як думаеце?


Міхалевіч: Я думаю, што гэта звязана з маёю палітычнаю дзейнасцю ў Беларусі. Беларусь спрабуе арыштаваць мяне зноў.

Еўрарадыё: Але ж вы атрымалі статус палітычнага ўцекача ў Чэхіі. Атрымліваецца, што юрыдычных падставаў вашага затрымання няма…


Міхалевіч: Падставаў затрымаць мяне няма на тэрыторыі Рэспублікі Чэхія. А па іншых краінах Еўрасаюза – усё павінна вырашацца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Такая павінна быць працэдура.

Еўрарадыё: Дзе вы цяпер знаходзіцеся?


Міхалевіч: Цяпер я знаходжуся ў аэрапорце „Okęcie” ў Варшаве. Мне прапанавалі сесці ў камеру. Я адмовіўся ў сувязі з тым, што пакуль не маю статусу затрыманага. Таму пакуль я знаходжуся ў аэрапорце каля месца пашпартнага кантролю.

Еўрарадыё: Вы чакаеце на прыезд кагосьці з прадстаўнікоў Пракуратуры? Колькі часу плануюць вас затрымліваць?


Міхалевіч: Цяпер Памежная служба высвятляе ў паліцыі, ці сапраўды трэба мяне арыштоўваць і перадаваць.

Еўрарадыё: То бок цалкам магчыма, што вас яшчэ выпусцяць…


Міхалевіч: Ёсць такое праўдападабенства. Але сам факт таго, што я знаходжуся ў спісе тых, каго трэба арыштаваць, – мяне здзіўляе.

Еўрарадыё: Ці магчыма, што беларускія ўлады сфабрыкавалі супраць вас крымінальную справу?


Міхалевіч: Магчыма, бо я хнаходжуся ў спісе падазраваных у тэрарызме.

Еўрарадыё: Раней падчас перасячэння мяжы такія выпадкі здараліся?


Міхалевіч: Раней я перасякаў мяжу выключна ў Празе, дзе ў мяне ёсць адпаведны статус. Там маюць інфармацыю і рашэнне суда з адмоваю перадаваць мяне ўладам Рэспублікі Беларусь. Гэта – першы мой вылет па-за межы Шэнгенскай зоны з краіны іншай, чым Чэхія.

Фота: forum.vitebsk.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі