У Віцебску прайшоў Дзень чырвонага носа
29 красавіка італьянскія клоуны забаўлялі публіку на плошчы Перамогі.
Блазны гулялі з дзецьмі і дарослымі, паказвалі цыркавыя нумары, малявалі, надзімалі балёнікі, пускалі мыльныя бурбалкі. У акцыі бралі ўдзел італьянскія валанцёры, прадстаўнікі дабрачыннага фонду “Дапаможам ім жыць”, дзейнасць якога накіравана перш за ўсё на дапамогу выхаванцам школ-інтэрнатаў і адаптацыю дзяцей-сірот і інвалідаў у грамадстве.
Разам з італьянцамі дзятву і дарослых весялілі клоуны-валанцеры з групы “Доктар Небаліт”, што існуе пры гарадскім валанцёрскім савеце Чырвонага Крыжа і падлеткі з клоунскай студыі, якая працуе пры мясцовай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі слыху. Некаторыя з іх зусім не чуюць, але гэта не перашкаджае ім несці пазітыў іншым людзям.
Мерапрыемства было накіравана на тое, каб прыцягнуць увагу да праблемаў дзяцей і падлеткаў з парушэннямі слыху.