У Віцебску на Народным сходзе патрабавалі адстаўкі прэзідэнта
Зрэшты, спачатку прысутныя казалі пра свае неўпарадкаваныя двары ды нішчымныя заробкі і пенсіі.
Але праз колькі хвілін перайшлі на палітыку. Прычым заклік унесці ў рэзалюцыю сходу патрабаванне аб адстаўцы ўрада і прэзідэнта прагучаў з самай народнай гушчыні. Прагаласавалі адзінагалосна.
Было вырашана таксама ўнесці ў агульную рэзалюцыю схода патрабаванне аб рэфармаванні выбарчага заканадаўства, вызваленні палітвязняў і затрыманых напярэдадні і ў дзень Народнага сходу, адмене смяротнага пакарання. Супраць адмены “вышкі” прагаласаваў адзін чалавек.
На Народны сход у Віцебску прыйшло больш за 150 чалавек. У асноўным — людзі сталага веку. Моладзі было вобмаль. Людзі казалі, што магло прыйсці болей, але ў Віцебску зусім не было агітацыі.
Мерапрыемства здымалі пяць аператараў у цывільным. Некалькі — праз акно крамы “Ласунак”, на пляцоўцы за якім і праходзіў сход. Падчас сходу нікога не затрымлівалі. Ужо апасля стала вядома, што нібыта для тэхнічнага дагляду затрымалі аўтамабіль старшыні Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ Леаніда Аўтахова.