У Віцебску раздавалі катоў і сабак (фота)
Такія акцыі раз-пораз ладзіць мясцовы прытулак, каб хаця крышачку вырашыць праблему са сваімі “насельнікамі”.
11 лютага катоў і сабак раздавалі цягам чатырох гадзін. Усе жывёліны чыстыя, прышчэпленыя і стэрылізаваныя. Па словах дырэктаркі прытулку Наталлі Зубавай, установа перапоўненая, і людзі абураюцца, калі ў прытулку адмаўляюцца ўзяць жывёлу.
“Памяшканне разлічана на 150 жывёлін, калі адну ў нас забіраюць, я бяру толькі адну. Таму ў нас вялікая колькасць скаргаў ад насельніцтва, што мы павінны прыняць. А болей не ўлезе, нават калі трамбаваць ужо!”, — сказала Наталля Зубава.
Прытулак знаходзіцца на ўскрайку горада, грамадскі транспарт ходзіць туды рэдка і нерэгулярна. Зладзіць акцыю ў горадзе таксама няпроста — няшмат установаў згаджаюцца прыняць на нейкі час тузін сабак і катоў. На гэты раз прытулку пашанцавала, бо віцебская студэнтка Марыя Вялічка, якая ўжо мае тытул “Міс СНД” і мае намер перамагчы на конкурсе “Міс Беларусь”, павінна была выканаць “хатняя заданне” паўфіналу і правесці дабрачынную акцыю. Будучая прафесія Марыі звязана з жывёламі, яна вучыцца на ветэрынарнага лекара, таму і вырашыла дапамагчы прытулку.
Падчас акцыі, дарэчы, жывёл разабралі амаль усіх.