Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц калоніі агульнага рэжыму

24 лютага

Два месяцы з агучанага тэрміну Сяргей Каваленка ўжо адсядзеў.

16.09. Пракурор запатрабаваў для Каваленкі 2 гады 8 месяцаў калоніі

Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

Нагадаем, актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку абвінавачваюць у неаднаразовым парушэнні рэжыма адбыцця "хатняй хіміі". Яе яму прысудзілі за вывешаны два гады таму ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бела-чырвона-белы сцяг. Ад снежня Каваленку трымаюць у віцебскім СІЗА.

14:34. Сваякі Каваленкі напісалі 34 скаргі ў суд і міліцыю

У Першамайскім раённым судзе Віцебска працягваецца судовы працэс над актывістам КХП БНФ Сяргеем Каваленкам.

Як інфармуе Радыё Свабода, сваякі Сяргея Каваленкі разам з праваабаронцамі напісалі 24 скаргі старшыні суду з той нагоды, што іх не пусцілі ў залу. Яшчэ 10 скаргаў былі напісаныя кіраўніцтву віцебскай міліцыі на незаконныя дзеянні міліцыянтаў у судзе.

Нагадаем, сёння сваякоў і журналістаў зноў не дапусцілі на судовае паседжанне.

12.50 Суд адмовіўся змяніць Каваленку меру стрымання

З такім хадайніцтвам звяртаўся адвакат падсуднага.

Адвакаты кажуць, што Каваленка пачынае загаворвацца, паўтарае адно і тое ж. Таксама яны кажуць, што ўчора іх падабаронны піў ваду, а сёння нават не п’е, перадае Радыё "Свабода".

З працэсу сышоў польскі дыпламат Вітальд Юраш. Па яго словах, няма сэнсу заставацца на працэсе, бо рашэнне па справе Каваленкі прымаецца не ў судзе, а наверсе. Юраш дадаў, што афіцыйную пазіцыю Еўрасаюз выкажа ў панядзелак 27 лютага.

11.20 На працэс не пусцілі маці палітвязня Каваленкі

Што праўда, Лідзія Каваленка прыйшла ў суд праз гадзіну пасля пачатку паседжання.

З залы суда выдалілі брата Каваленкі Віталя. Ён выступаў як сведка. Пасля допыту суддзя выдаліла яго, заявіўшы, што раней Віталь Каваленка атрымліваў заўвагі ад суддзі.

Прыхільнікі Каваленкі і журналісты заблакаваныя ў правай частцы суда, а прыбіральня знаходзіцца ў левай. Па патрэбе міліцыянты водзяць людзей пад канвоем.

З залы суда прыйшло СМС-паведамленне: "Суддзя адхіляе хадайніцтвы, каб выклікаць дадатковых сведкаў".

Маці і брат Каваленкі звярнуліся ў прадстаўніцтва Чырвонага крыжа. Яны просяць умяшання гэтай міжнароднай арганізацыі, каб Сяргею аказалі медычную дапамогу.

10.20 На судзе над Каваленкам зноў поўная зала "падрыхтаваных" гледачоў

Суд выклікаў сведку Віталя Каваленку, брата Сяргея.

Журналісты, сваякі, грамадскія дзеячы зноў не змаглі трапіць у залу паседжанняў. Як паведамляе Радыё "Свабода", міліцыя заблакавала іх у адной частцы калідору суда. А ў іншай адкрылі дзверы залы, дзе ўжо сядзелі людзі.

На працэс здолеў трапіць толькі польскі дыпламат.

9.47 На суд да Каваленкі прыехаў Часовы павераны ў справах Польшчы

Судовы працэс павінен пачацца а 10-й гадзіне.

Ужо ў 9.30 каля будынку суда збіраюцца прыхільнікі Сяргея Каваленкі, праваабаронцы, грамадскія дзеячы і журналісты. Прыехаў Часовы павераны у справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш.

Як адзначае Радыё "Свабода", у суд людзей пускаюць, але вельмі пільна даглядаюць. Жанчын прымушаюць разувацца.

23 лютага

19.30 Суд над Каваленкам працягнецца 24 лютага ў 10 гадзін

Сённяшняе паседжанне дожўылася амаль да 19 гадзінаў

Апошняй сёння дапытвалі жонку падсуднага Алену Каваленку, паведамляе Радыё "Свабода". Яна заявіла ў судзе, што міліцыянты ўвесь час ціснулі на іх сям’ю. Жонка заклікала Сяргея Каваленку піць ваду.

Алена прасіла суддзю выклікаць "хуткую дапамогу" для мужа, але тая адмовілася. Па словах Алены, падчас судовага допыту паміж ёй і мужам стаў канвойны, і яны нават не змаглі сустрэцца вачамі з Сяргеем.

Заўтра чакаецца таксама допыт сведкаў.

17.40 Суддзя адмовілася пускаць медыкаў да Каваленкі

Суддзя Алена Жук заявіла, што яна не выклікала лекараў, а таму не дапусціць іх да падсуднага. Лекары мусілі з'ехаць.

Перад гэтым у судзе дапыталі сведкаў — міліцыянтаў і прадстаўнікоў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага раёну Віцебску, перадае Радыё "Свабода".

16.00 Каваленка запатрабаваў памяняць у судзе сімволіку

Таксама падсудны актывіст КХП-БНФ хадайнічаў, каб да яго звярталіся па-беларуску.

Суд адмовіў у абодвух хадайніцтвах: маўляў, у зале вісіць дзяржаўная сімволіка, а каб Каваленка ўсё разумеў, побач з ім ёсць перакладчык.

"Жывую трансляцыю" з залы суда вядзе афіцыйная газета Віцебшчыны "Віцебскі рабочы". Дарэчы, незалежных журналістаў у суд міліцыянты не пусцілі, спаслаўшыся на рашэнне суда.


12:25. Суд над Каваленкам пачаўся пасля медагляду


Усе яго хадайніцтвы і адводы суддзі ды пракурора сёння зноў былі адхілены.

Між іншым, ён дамагаўся, каб у залу пусцілі прэсу і людзей, якія яго ведаюць, а не нейкіх невядомых людзей. Суд гэтае хадайніцтва таксаа адхіліў.

Сяргей Каваленка пагадзіўся прайсці медагляд. Але ў суд прыехала не "хуткая", а рэанімацыя. Пасля агляду пачалося судовае паседжанне, інфармуе Радыё Свабода.

Адзін з лідараў КХП БНФ Юрась Беленькі звярнуўся да міжнародных структураў і амбасадаў, каб яны паспрыялі медычнаму агляду Каваленкі незалежнымі замежнымі лекарамі. Бо яго стан здароўя крытычны, падкрэсліў ён.

11:03. Суд Каваленкі праходзіць у закрытым рэжыме

На яго пусцілі толькі адвакатаў.

Сваякоў актывіста КХП БНФ, журналістаў, праваабаронцаў міліцыянты прымусова вывелі з будынка Першамайскага суда Віцебска.

Нагадаем, Сяргея Каваленку абвінавачваюць у неаднаразовым парушэнні рэжыма адбыцця "хатняй хіміі" (яе яму прысудзілі за вывешаны два гады таму ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бел-чырвона-белы сцяг). Ад снежня яго трымаюць у віцебскім СІЗА. Каваленку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

22 лютага

17:15. У судзе над Каваленкам абвешчаны перапынак да 23 лютага

Працэс адновіцца ў Першамайскім судзе Віцебска ў 10.30.

"Рабіце акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі", — крыкнуў Каваленка, калі яго выводзілі з залы суда, паведамляе Радыё Свабода.

Нагадаем, Сяргея Каваленку абвінавачваюць у неаднаразовым парушэнні рэжыма адбыцця "хатняй хіміі" (яе яму прысудзілі за вывешаны два гады таму ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бел-чырвона-белы сцяг). Ад снежня яго трымаюць у віцебскім СІЗА. Каваленку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Сёння актывіст КХП БНФ заявіў адводы суддзі і пракурору, але яны былі адхіленыя. Сваякі Каваленкі выклікалі "хуткую" ў суд, лекары аглядалі яго, але аб шпіталізацыі зноў гаворкі не было.

***

Пасля агляду лекарамі Сяргея Каваленкі суд працягнуўся. Суддзя адхіліла адводы Каваленкі сабе і пракурору.

15:49. Алена Каваленка: У Сяргея пачаў прападаць зрок, ён кепска чуе

Жонка актывіста КХП БНФ, якога судзяць у Першамайскім судзе Віцебска, сказала Еўрарадыё, што да мужа дапусцілі лекараў.
120222 KavalenkaS_0.mp3
Алена Каваленка: "Сяргей вельмі дрэнна сябе адчувае. Прападаць пачаў зрок, ён кепска чуе. Зараз яго аглядаюць лекары "хуткай".

Паводле яе слоў, сваякоў падчас агляду лекарамі не пусцілі ў залу суда. Алена Каваленка нагадала, што яе муж ужо чатыры дні трымае сухую галадоўку.

Нагадаем, Сяргей Каваленка сёння заявіў адвод суддзі, у працэсе быў абвешчаны перапынак. Сваякі Каваленкі выклікалі "хуткую" ў суд, але лекараў да яго нейкі час не дапускалі.

15.00. Суд распачаўся, журналістаў на яго не пусцілі

Як паведамляе Радыё Свабода, на працэс таксама не пусцілі маці Сяргея Каваленкі.

14:41. Суд над Каваленкам не пачаўся, суддзя сыйшла

Сёння ў Першамайскім судзе Віцебска мусіў працягнуцца працэс над актывістам КХП БНФ, але ён быў сарваны.

Як паведамляе "Наша ніва", жонка Сяргея Каваленкі Алена прыйшла ў суд з 7-месячнай дачкой на руках. Яна дастала бела-чырвона-белы сцяг і плакат "Свабоды Беларусі! Свабоду Каваленку!". Вывесці яе з залы міліцыянты не змаглі — Алену Каваленку адбілі людзі. Маці Сяргея Каваленкі Лідзія пачала крычаць "Забойцы!". У выніку, суддзя сыйшла з залы, а міліцыя пачала заклікаць людзей, каб сыйшлі і яны. Аднак людзі застаюцца ў судовай зале.

Было абвешчана, што працэс пачнецца ў іншай зале Першамайскага раённага суда.

Нагадаем, Сяргея Каваленку абвінавачваюць у неаднаразовым парушэнні рэжыма адбыцця "хатняй хіміі" (яе яму прысудзілі за вывешаны два гады таму ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бел-чырвона-белы сцяг). Ад снежня яго трымаюць у віцебскім СІЗА. Каваленку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

21 лютага

Суд над Каваленкам працягнецца 22 лютага

Да 14 гадзінаў серады абвешчаны перапынак.

Суддзя вырашыла накіраваць Каваленку у шпіталь СІЗА для даследавання стану здароўя.

Перад гэтым суддзя зачытала дзве карты выкліку "хуткай дапамогі". Лекар Дубакін піша, што стан Каваленкі без зменаў, але ёсць змены ў стане крыві. Іншы лекар, Фадзееў, рэкамэнадваў больш глыбока вывучыць стан здароўя.

16.40 Каваленку будуць шпіталізаваць?

Пра гэта палітвязень крыкнуў сваякам, калі яго вывелі з залы суда пад канвоем.

Як інфармуе Радыё "Свабода", з суда з'ехалі абедзве брыгады. Медыкі не паведамілі вынікі агляду Сяргея Каваленкі.

На гарачай лініі абласнога ўпраўлення аховы здароўя паведамілі, што Каваленку павезлі шпіталізаваць у лазарэт СІЗА. 

15.57 Лекараў не пускалі да Сяргея Каваленкі амаль 20 хвілінаў

Сваякі падсуднага выклікалі новую брыгаду лекараў для яго агляду.

Сваякі заявілі, што не вераць брыгадзе Дзмітрыя Дубакіна, якая прыязджала раніцай і пасля абеду. Дарэчы, лекар Дубакін сышоў, нічога не сказаўшы родным Каваленкі.

Як перадае Радыё "Свабода", прыехала новая брыгада "хуткай дапамогі". Але міліцыя не прапускае лекараў у залу. Міліцыянты кажуць, што патрэбны дазвол сташыні суда. Каб новых лекараў прапусцілі да Каваленкі, спатрэбілася амаль 20 хвілінаў.

Сяргей Каваленка заявіў адвод суддзі

У 14.30 пасля перапынку аднавіўся працэс над Сяргеем Каваленкам.

Пасля абеду судовая зала зноў поўная, перадае Радыё "Свабода". Каваленка заявіў пратэст, што міліцыянты здымалі людзей у зале пасля таго, як суд забараніў відэаздымку.

Міліцыянт сказаў, што ён не здымаў. Суддзя яго пакінула ў зале. У сувязі з гэтым Каваленка заявіў адвод суддзі за тое, што яна журналістаў з відэапаратурай выдаліла, а міліцыянта — не. Адвакаты падтрымалі гэтае хадайніцтва.

У судзе лекары аглядалі Сяргея Каваленку

Іх выклікала яго жонка Алена. Перад гэтым Сяргей заявіў хадайніцтва, каб яго агледзелі медыкі.

Каваленка сказаў, што ў яго дыстрафія, за час галадоўкі ён згубіў 25 кілаграмаў вагі. На час агляду ўсім прысутным загадалі выйсці ў калідор.

Падставаў для шпіталізацыі лекары не знайшлі.


***

Каваленка заявіў адвод перакладчыцы. Яна, перакладаючы, збівалася, а ён рабіў ёй заўвагі. У выніку, усё скончылася яе самадводам, суд спыніў яе працу.

***

Сяргей Каваленка галадае 15 дзён, у апошнія тры дні трымае сухую галадоўку. Пра гэта актывіст КХП-БНФ паведаміў сёння прысутным у залі Першамайскага суда Віцебска.

Нагадаем, Сяргея Каваленку абвінавачваюць у неаднаразовым парушэнні рэжыма адбыцця "хатняй хіміі" (яе яму прысудзілі за вывешаны два гады таму ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бел-чырвона-белы сцяг). Ад снежня яго трымаюць у віцебскім СІЗА. Каваленку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамляе Радыё Свабода, сёння, калі людзі сталі заходзіць у залю, Каваленка пачаў спяваць гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Сяргей Каваленка адказвае ў судзе па-беларуску, перакладчыца перакладае за ім на рускую мову.

Сяргей Каваленка паказаў прысутным, як ён схуднеў.

Суддзя Алена Жук

Пракурор

У цэнтры — маці Сяргея Каваленкі

Маладафронтаўцаў затрымалі на шляху ў суд над Каваленкам

Па дарозе ў Віцебск актывістаў "Маладога Фронту" спынілі супрацоўнікі ДАІ.

У машыне ехалі Міхась Мускі, Зміцер Крэмянецкі, Уладзімір Яроменак і Раман Васільеў.

ДАІшнікі перапісалі пашпартныя дадзеныя, абшукалі машыну. Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта БХД, цяпер затрыманыя знаходзяцца ў РАУС Віцебскага раёна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі