На ўтрыманне выканкама СНД Беларусь траціць амаль мільён долараў

Як заўважыла Еўрарадыё, у 2012 годзе Беларусь скараціла фінансаванне міжнароднай дзейнасці на 15 мільёнаў долараў (184 мільёна долараў у 2011 годзе супраць 169 мільёнаў долараў у 2012 годзе).

Але на фінансаванні дзейнасці супрацоўнікаў розных міжнародных структур, у якіх прадстаўлена Беларусь, гэта скарачэнне ніяк не адбілася. Прынамсі, так кажуць самі супрацоўнікі.

“Радзіма, канешне, забяспечвае маю працу ў поўным аб’ёме!” —  распавядае Еўрарадыё прадстаўнік Беларусі ў міжпарламенцкай асамблеі СНД Зміцер Шыла.

Не скардзяцца на ўмовы працы і ў мінскім прадстаўніцтве Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы.

Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы ў Мінску: “Адкуль вы зрабілі выснову, што фінансаванне Саюзнай дзяржавы скарацілася? Яно такое ж самае, як і летась. Яно фарміруецца ў расійскіх рублях. У нас даволі добрыя ўмовы працы”.

У камітэце працуе толькі 8 чалавек. А вось у Выканкаме СНД —  ажно 220 чалавек: прыкладна палова —  у Мінску. Еўрарадыё палічыла: на фінансаванне дзейнасці Выканкама ў 2012 годзе краіна выдаткуе 925 тысяч долараў — на 64 тысячы менш, чым у 2011 годзе. Але ў самім Выканкаме кажуць пра сталы рост фінансавання, бо там лічаць у расійскіх рублях.

Выканкам СНД: “У нас не паменшылася фінансаванне. У нас дакладна ёсць рост. Магчыма, у кагосьці памяншэнне, але ў нас заўсёды ідзе рост. Бо нам на інфляцыйныя працэсы таксама даюць нейкі невялікі працэнт. У нас не бывае, каб было памяншэнне. І нам, канешне, хапае, у нас усё добра”.

Супрацоўніца выканкама кажа, што ўсе павелічэнні фінансавання звязаныя з інфляцыяй. Самі ж супрацоўнікі вымушаны эканоміць ваду і... выкарыстоўваць энергазберагальныя лямпачкі.

Акрамя ўдзелу ў вышэйзгаданых арганізацыях, рэспубліканскі бюджэт фінансуе удзел краіны ў АДКБ, Інтэграцыйным камітэце Еўразійскай эканамічнай супольнасці, Камісіі Мытнага саюза і іншых структурах.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пагаджаецца, што яны паўтараюць адна адну.

Раман Якаўлеўскі: “Так, сапраўды, некаторыя структуры дублююцца. Але галоўнае адрозненне больш прасунутай пуцінскай інтэграцыі — тое, супраць чаго заўсёды выступаў Кіеў і Ташкент — стварэнне наднацыянальных структур”.

Дарэчы, у наднацыянальнай структуры, Еўразійскай эканамічнай камісіі, працуе былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. І мае аклад на ўзроўні расійскіх міністраў. У большасці ж выпадкаў праца ў арганізацыях накшталт СНД лічыцца для чыноўнікаў “пенсіяй”.

Раман Якаўлеўскі: “Множацца бюракратычныя структуры. А што казаць пра аптымізацыю такіх структур, калі бюракратыя разраслася не толькі ў Маскве, а і ў Мінску? Проста да бюракратычных маштабаў. І ўлада. Так што казаць, што гэта такая пенсійная затока, можна”.

Выдаткі бюджэта РБ на ўдзел у міжнародных арганізацыях у 2012 годзе:

2011 год

2012 год

Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы

181 071 000,0 тыс. руб (59,86 млн$)

449 267 500,0 тыс. руб (53,17 млн$)

Інтэграцыйны Камітэт Еўразійскай эканамічнай супольнасці

6 411 050,0 тыс. руб (2,12 млн$) 

28 404 878,0 тыс. руб (3,36 млн$)

Камісія Мытнага саюза

34 138 213,0 тыс. руб (19910,74$)

26 149 424,0 тыс. руб (3,36 млн $)

Рэспубліканскі камітэт Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа

60 230,0 тыс. руб (19910,74$)

195 500,0 тыс. руб (23136,01 $)

Каардынацыйны камітэт па пытаннях супрацьпаветранай абароны Садружнасці Незалежных Дзяржаваў

31 860,0 тыс. руб (10532, 23$)

79 050,0 тыс. руб (9355,03$)

Арганізацыя Дагавора па калектыўнай бяспецы

1 386 239,0 тыс. руб (458260,83$)

3 543 522,0 тыс. руб (419351,72$)

Савет Міжпарламенцкай Асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаваў

1 603 270,0 тыс. руб (530006,61$)

4 729 562,0 тыс. руб (559711,48$)

Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаваў

2 993 821,0 тыс. руб (989692,9$)

7 820 443,0 тыс. руб (925496,21$)

Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь

726 985,0 тыс. руб  (240325,62$)

1 946 721,0 тыс. руб (230381,18$)

Фота: wikipedia.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі