Удзельнік "плюшавага дэсанту": Швецыя нас не выдасць Беларусі
Генпракуратура Швецыі пачала расследаванне справы аб незаконным перасячэнні на самалёце літоўска-беларускай мяжы ў ліпені 2012-га.
Прадстаўнік шведскай рэкламнай кампаніі Studio Total, якая арганізавала "плюшавы дэсант" над тэрыторыяй Беларусі, не хвалюецца з гэтай нагоды.
"Шведская пракуратура ўжо адзначала, што пакаранне, калі такое будзе, пагражае нам толькі ў выглядзе невялікага штрафу. Мы не баімся, што шведскія ўлады экстрадуюць нас у Беларусь, мы ўпэўненыя, што гэтага не адбудзецца", — заявіў БелаПАН адзін з удзельнікаў "плюшавай бамбардзіроўкі" Томас Мазэці.
Нагадаем, аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня мінулага года. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 плюшавых медзведзянят з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
Па гэтым факце ў нашай краіне была распачатая крымінальная справа. За "неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.
У лютым 2013 года старшы прапаршчык пагранслужбы, які не паведаміў ваенным аб перасячэнні мяжы шведскім самалётам, быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі.
КДБ не каментуе пачатак шведскага расследавання справы пра "цацачны дэсант"
Храналогія падрыхтоўкі і палёту шведаў над Беларуссю: новыя падрабязнасці
Фота — Studio Total