Удзельнікі велапрабегу ў Брэсце пачуюць жыўцом Роллік'с і Vinsent'а
Раварысты, якія запішуцца на акцыю кампаніі "За Вела-Брэст!", бясплатна трапяць на "БУГаРОК FEST". І велапрабег, і фэст пройдуць 15 кастрычніка.
Раварысты ў 13 гадзін рушаць праз увесь горад па маршруце Брэсцкая крэпасць — абласная лякарня. Па дарозе яны плануюць збіраць подпісы пад зваротам кампаніі да гарадскога кіраўніцтва. Нагадаем, што брэсцкія актывісты ўжо зладзілі шэраг мерапрыемстваў, каб з'явіліся ўмовы для бесперашкоднага руху на ровары па вуліцах гораду.
Як кажуць арганізатары мерапрыемства, брэсцкая ДАІ адмовілася суправаджаць раварыстаў на службовых машынах. Таму акцыя пройдзе з меншым маштабам. Замест запланаваных раней 200-300 чалавек у прабегу прымуць удзел некалькі дзясяткаў. Яны будуць ехаць групамі па 10 чалавек па тратуарах. Падрабязнасці рэгістрацыі ў мерапрыемстве знаходзяцца на сайце кампаніі "За Вела-Брэст!".
У 17 гадзін у ДК БЭМЗ распачнецца міжнародны рок-фэст "БУГаРОК FEST". На ім выступяць Kaizen (Масква), Sciana (Брэст), мінскі рэпер Vinsent у суправаджэнні музыкаў, а таксама спецыяльны госць канцэрту — украінскі рок-гурт Роллік'с.
Фота: dzedzich.org