Украіна хоча стварыць з Беларуссю "Сіліконавую даліну"
Украіна мусіць актывізаваць кантакты з Беларуссю па стварэнні сумеснага інавацыйнага цэнтра.
Такое даручэнне даў прэм'ер-міністр краіны Мікалай Азараў кіраўніку Дзяржаўнага агенцтва па пытаннях навукі, інавацый і інфарматызацыі Украіны Уладзіміру Семіножанку і міністру адукацыі і навукі, моладзі і спорту Дзмітрыю Табачніку. Гэта адбылося 20 траўня, на наступны дзень пасля візіту Азарава ў Беларусь.
"Сам Бог загадаў нашым дзвюм краінам, у якіх засяроджаны вельмі сур'ёзны навукова-тэхнічны патэнцыял, аб'яднаць свае намаганні", — сказаў Азараў падчас урачыстага пасяджэння, прысвечанага Дню навукі.
Украінскі прэм'ер упэўнены, што беларуска-ўкраінскі інавацыйны цэнтр павінен быць створаны ў самыя сціслыя тэрміны. "Нам трэба знайсці прарыўныя для Украіны новыя навукова-тэхнічныя кірункі", — падкрэсліў кіраўнік украінскага ўрада.