Украінская арганізацыя заклікала падтрымаць беларускага палітвязня
“Камітэт вызвалення палітвязняў” заклікаў украінцаў пісаць лісты падтрымкі беларусу Яўгену Васьковічу.
Як паведаміў Еўрарадыё каардынатар арганізацыі Мікола Каханоўскі, на гэты момант галоўным з’яўляецца наладжванне кантакту з беларускім палітвязнем.
Каханоўскі: ”Аб гэтым хлопцы мне распавёў Вячаслаў Сіўчык. Пашукаў у інтэрнэце інфармацыю аб Яўгене і яго справе. Ну і разабраўшыся ў сітуацыі, наколькі дазваляюць магчымасці, на сходзе арганізацыі было прынята рашэнне, што мы будзем дапамагаць мужнаму хлопцу, беларускаму палітвязню. Таму вырашылі пачаць з таго, што цяпер практычна можна зрабіць. Менавіта пісаць лісты падтрымкі Яўгену самім і заклікаць той ж самае зрабіць іншых неабыякавых украінцаў. І паспрабаваць такім спосабам наладзіць з ім пастаянную сувязь, а далей будзем ужо дзейнічаць па сітуацыі ў адпаведнасці з тымі патрэбамі якія будуць узнікаць”.
Нагадаем, што Яўген Васьковіч быў асуджаны на сем гадоў турмы строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў падпале дзвярэй будынка КДБ у Бабруйску.
Напісаць ліст Яўгену Васьковічу можна па адрэсе: 212011, г. Магілёў, вул.Крупскай, 99а, турма № 4.