Украінскія міліцыянты затрымалі ў Чарнобыльскай зоне беларуску
Жанчына кажа, што перабралася да сваякоў ва Украіну, бо не магла знайсці працу на радзіме.
Беларуска нелегальна перайшла мяжу і самавольна пасялілася ў сваякоў у 30-кіламетровай зоне адчужэння. Выявілася, што 37-гадовая нелегалка родам з Украіны, аднак доўгі час жыла ў Беларусі, дзе мае сям'ю. У мястэчку на забароненай тэрыторыі пражывае яе цётка, пажылая жанчына, якая і дала прытулак сваячцы.
Пра новую жыхарку сяла міліцыянтам распавялі мясцовыя самасёлы, паведамляе polit.ua. На парушальніцу склалі адміністрацыйныя пратаколы за нелегальны пераход мяжы і Чарнобыльскай зоны адчужэння.
Жанчыну перадалі ўкраінскім памежнікам для дэпартацыі ў Беларусь.