Украінскія СМІ пра адстаўку беларускага трэнера

Украінскія СМІ актыўна абмяркоўваюць адстаўку Алега Конанава і падкрэсліваюць, што ён — адзін з кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі.


"На працягу апошняга паўгоддзя было здзейснена некалькі памылак з боку трэнера. Яны тычыліся функцыянальнай падрыхтоўкі каманды і трансфернай палітыкі. Я лічу, што рашэнне аб зменах у трэнерскім штабе з'яўляецца своечасовым, таму што такі крызіс, які назіраецца ў камандзе цяпер, не павінен працягвацца", — цытуе "Камсамольская праўда ва Ўкраіне" словы прэзідэнта клуба "Карпаты" Пятра Дымінскага.

У той жа час, па інфармацыі выдання, рашэнне аб звальненні Алега Конанава было прынята па згодзе бакоў.

Іншае ўкраінскае выданне — "Газета па-ўкраінску" — лічыць, што львоўскі клуб "Карпаты" ў выніку адстаўкі Алега Конанава пацерпіць.

"Няўдалыя вынікі "Карпат" у гэтым сезоне — факт нядзіўны. Каманда даволі сур'ёзна змяніла селекцыйны вектар, стала запрашаць легіянераў. Ім трэба быў час, каб адаптавацца ва ўкраінскім футболе. У рэшце рэшт, Алег Конанаў мог проста пераседзець на адным месцы працы, і яму патрэбныя былі новыя імпульсы — ад паражэнняў не застрахаваны нават Жазэ Маўрынью, які не любіць надоўга прывязвацца да аднаго клубу. Кваліфікаваная праца Алега Конанава ў Львове дазволіць яму спакойна працаўладкавацца — ужо цяпер трэнера "сватаюць" на замену Бернду Штанге ў зборнай Беларусі", — піша "Газета па-ўкраінску".

Выданне адзначае, што менавіта дзякуючы беларускаму трэнеру у камандзе з'явілася стабільнасць: "Пасля сыходу Алега Конанава ў лагеры "зялёна-белых" зноў могуць пачацца трэнерскія ратацыі, свайго малюнку ў гульні каманда не набудзе. Будуць працягваць рабіць незразумелыя трансферы, а спартсмены будуць гуляць за капейкі, судзіцца за нявыплату заробку і біцца на трэніроўках".

Па інфармацыі Ua-football, за сваім настаўнікам ФК "Карпаты" пакінуў і беларускі футбаліст Андрэй Варанкоў, які не змог замацавацца ў асноўным складзе "Карпат", а ў апошні час нават у запасным складзе з'яўляўся рэдка. У Львове ён быў на правах арэнды і цяпер вярнуўся ў кіеўскае "Дынама".

Алег Конанаў трэніраваў ФК "Карпаты" тры гады. З ім "Карпаты" згулялі 126 афіцыйных матчаў, у іх было атрымана 46 перамог. Зараз клуб займае 14-е месца з 16-ці ў турнірнай табліцы прэм'ер-лігі. Два апошнія сезоны "Карпаты" былі пятымі, а летась прабіліся ў групавы турнір Лігі Еўропы, перайграўшы турэцкі "Галатасарай".

Фота: shakhtar3000.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі