Уначы беларусы змогуць убачыць на небе сотні знічак
У ноч з 3 на 4 студзеня ў нашай краіне можна будзе назіраць буйны зарапад — да 120 знічак за гадзіну.
Як паведамляе БелаПАН, максімуму метэорны паток Квадрантыды дасягне прыблізна апоўначы, зарапад будзе дастаткова інтэнсіўным на працягу шасці гадзін. Назіраць яго можна будзе з боку сузор'я Валапаса. Метэоры рухаюцца з "невялікай хуткасцю" — 42 км за секунду, таму колер успышак будзе "хутчэй жаўтаватым, а не белым".
Адзначым, што Квадрантыды лічацца адным з найбольш вядомых і буйных метэорных патокаў. У адным шэрагу з ім стаяць Гемініды, Персеіды, Леаніды, Арыяніды і Лірыды.