Ута Цапф прапануе “аднаўленне дыялогу” з Мінскам
Сёння ў Капенгагене прайшла сустрэча прадстаўнікоў рабочай групы ПА АБСЕ па Беларусі, у часе якой распрацавалі рэзалюцыю па сітуацыі ў краіне.
Кіраўнік рабочай групы Ута Цапф прапануе “аднаўленне дыялогу” з Мінскам. Менавіта такую рэзалюцыю будуць абмяркоўваць на сэсіі парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пачнецца ў Белградзе 6 ліпеня. Рэзалюцыя заклікае Беларусь вызваліць палітзняволеных па справе 19 снежня. Гэтыя вязні павінны атрымаць магчымасць кансультавацца з юрыстамі, сустракацца з сем’ямі ды атрымліваць медыцынскую дапамогу. Таксама беларускія ўлады павінны дазволіць уезд у краіну незалежным экспертам і праваабаронцам, развіваць заканадаўства ў сферы СМІ ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязаннямі краіны.
Калі рэзалюцыя будзе прынятая на галасаванні ПА АБСЕ, яна ўвойдзе ў белградскую дэкларацыю асамблеі, закліканую вызначыць далейшую палітыку арганізацыі, паведамляе БелаПАН.