Уткін: Указкай, лапатай, лабатаміяй — выбіць з БАТЭ думкі пра выхад з групы

120920_utkin_mp3.mp3

Еўрарадыё: Вынік матча “Ліль” — БАТЭ быў для вас нечаканы?

Васіль Уткін: Вядома! А як жа! Іншая рэч — нечаканасці бываюць розныя. Вось калі б, напрыклад, “Спартак” абыграў “Барселону” [да 59-й хвіліны маскоўская каманда, няхай і з мінімальнай перавагай, выйгравала на "Камп Ноў". Але два галы Ліанэля Месі выправілі становішча каталонцаў. — Еўрарадыё]. “Барселона” — гэта еўрапейская з'ява, сусветная. А ў вашым выпадку гэта, вядома, нечаканасць, але яна не шмат каго турбуе. Гэта лакальная падзея. Дзе “Ліль” і дзе БАТЭ? Гэта дзве розныя перыферыі Лігі чэмпіёнаў.

Еўрарадыё: То бок, нечаканасць у межах статыстычнай хібы? “Чаканая” нечаканасць?

Васіль Уткін: Гэта нечаканасць прыкладна таго кшталту, як калі б Чарлі Чаплін прыехаў у Беларусь, а яму б сказалі, што ў яго тут ёсць дзіця. Я зараз кажу пра месца гэтай сенсацыі на мапе Лігі чэмпіёнаў. Я добра разумею, што для Беларусі гэта падзея, і для горада Ліль гэта таксама вялікая падзея. Але мне цікава, якія падзеі з жыцця Беларусі ці горада Ліль трапляюць на першыя палосы еўрапейскіх газет.

Еўрарадыё: Цікава, што пра паразу “Ліля” напішуць Le Figaro ці Le Monde.

Васіль Уткін: Не, гэта, безумоўна, падзея. Бо, напрыклад, у футбаліста Валадзько ці ў футбаліста Радзівонава наўрад ці ёсць неабходнасць трапляць на першыя палосы парыжскіх выданняў. У іх ёсць неабходнасць згуляць за БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў, праўда? І яны справіліся з гэтай задачай, яны малайцы. Зрабілі выдатны старт, і, улічваючы статус БАТЭ, гэтыя тры ачкі на выездзе — каласальны капітал, які трэба разумна выкарыстаць.

Еўрарадыё: На ваш погляд, ці можа БАТЭ пазмагацца за трэцяе месца ў гэтай групе?

Васіль Уткін: Мне складана ацаніць гэтую перамогу з гледзішча значэння для барацьбы ў групе. У адрозненне ад мінулага года, “Ліль” — велічыня не вельмі зразумелая. Ён пачаў губляць гульцоў і, натуральна, важную ролю грае страта Азара, які перайшоў у “Чэлсі”. “Ліль” трапіў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, яшчэ маючы Азара ў складзе. Відавочна, што гэта сусветны талент, і без яго гэта магло б і не адбыцца. Зараз яго няма, і на што будзе здольны “Ліль” у Лізе чэмпіёнаў, незразумела.

Еўрарадыё: Што можна сказаць пра стартавую гульню “Баварыі” і “Валенсіі”?

Васіль Уткін: Я каментаваў іх матч. Яны, кожная па-свойму, пакінулі вельмі прыемнае ўражанне. Таму, думаю, з пункту гледжання барацьбы за выхад з групы БАТЭ пакуль што не асабліва прасунуўся. А вось з пункту гледжання барацьбы за трэцяе месца прасунуўся вельмі істотна.

Еўрарадыё: Наступную гульню БАТЭ праводзіць супраць “Баварыі”. Ці насцярожацца цяпер немцы, ці пачнуць рабіць нейкія высновы, перастаноўкі?

Васіль Уткін: Рэч у тым, што і для “Баварыі” вынік матча “Ліль” — БАТЭ не мае асаблівага значэння. Бо гранд — гэта, у прыватнасці, каманда, якая гуляе толькі ад сябе, толькі ад сваіх магчымасцяў, ні на каго не глядзіць. “Баварыя” вельмі прыстойна згуляла з “Валенсіяй” пры тым, што Робэн і Рыберы — два галоўныя гульцы, якія робяць яе гульню непаўторнай, яшчэ далёкія ад лепшай формы і ўзнаўляюцца пасля траўмаў. Рыберы згуляў 45 хвілінаў, Робэн — увесь матч, але было бачна, што ён яшчэ не ў парадку. БАТЭ з “Баварыяй” вельмі важна гуляць так, нібыта гэта таксама першая гульня. Нібыта папярэдняй гульні не было. А гэта даволі складана.

Еўрарадыё: Як вы ацэніце стан “Валенсіі” на дадзены момант?

Васіль Уткін: “Валенсія” — каманда, якая не вельмі-то ўмее гуляць на сваіх варотах і любіць атакаваць сама. Але ўвесь матч яна сядзела ў сваёй штрафной пляцоўцы. Дзейсна абаранялася, але ўсё ж абаранялася. Было відаць, што “Баварыі” гэта не вельмі камфортна. Што праўда, у “Баварыі” яшчэ не было Марыа Гомеса, магутнага тараннага форварда. Я не ведаю перспектываў яго ўзнаўлення, таму нічога не магу сказаць пра тое, ці ўзновіцца ён да матчу з БАТЭ.

Еўрарадыё: Такім чынам, для вас у гэтай групе адзін фаварыт — “Баварыя”? Разумею, што мае спадзяванні на тое, што БАТЭ пазмагаецца за выхад у плэй-оф, пададуцца вам ідэалістычнымі…

Васіль Уткін: Ідэалізм паўсюль аднолькавы, не толькі ў Беларусі. Але пасля першай гульні задумвацца пра выхад з групы такой камандзе, як БАТЭ, проста бессэнсоўна. Бо такой камандзе, як БАТЭ, поспех можа прынесці толькі адно. Гэта, прабачце за таўталогію, гульня ад гульні да гульні. Думкі пра наступны матч. Не пра глабальную задачу, а пра наступны матч. І больш нічога! У футбалістаў трэба ўсімі сродкамі: указкай, лапатай, лабатаміяй — ды я не ведаю, чым яшчэ — выбіць з галавы думкі пра выхад у наступны этап Лігі чэмпіёнаў, у Лігу Еўропы… Яны мусяць гуляць наступны матч.

Еўрарадыё: Прыкладна так, як вы толькі што сказалі пра “Баварыю”? Гуляць ад сябе, па сваіх магчымасцях, не аглядаючыся на сапернікаў і на турнірнае становішча?

Васіль Уткін: Тут, хутчэй, супалі не сэнсы, а фармулёўкі. “Баварыя” — гранд, а БАТЭ — ніякім чынам. Але, у пэўным сэнсе, гранд і “мільянер з трушчобаў” — роўныя. Гранд добра разумее, што выйдзе, што задача простая, што яе трэба рашыць і, паколькі ён мацнейшы за ўсіх, яму не трэба ні на каго глядзець. А “мільянер з трушчобаў” мусіць разумець, што для яго кожны матч — вырашальны. Вось я не ведаю, ці вісіць на трэніровачнай базе БАТЭ табліца з вынікамі Лігі чэмпіёнаў. Калі вісіць — трэба неадкладна яе зняць! БАТЭ на кожную гульню мусіць выхадзіць так, нібыта сапернік — “Тарпеда” (Жодзіна). Выходзіць, рэалізоўваць моманты, аддавацца гульні. А ўжо што атрымаецца — тое атрымаецца. За вылет ніхто не асудзіць.

Дарэчы, для барацьбы ў групе матч “Баварыя” — БАТЭ не мае асаблівага значэння. “Баварыя” — яўны фаварыт. Пакуль яна не забяспечыць сабе выхад у плэй-оф, яна будзе гуляць з усёй моцы. І супрацьстаяць ёй было б вялікай удачай. За кошт плана ці стратэгіі гэтага дасягнуць нельга.

Фота: Чемпионат.ру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі