Vegetables стварылі альбом настрою і сумны кліп пра мядзведзя

Мінская каманда Vegetables, якая грае музыку ў рэдкім для нашых шырот стылі індытроніка, выдала альбом “Добрый слон, будь здоров и живи долго”. Галоўнае ў пласцінцы — настрой, настойвае ўдзельнік гурта Зміцер Чарняўскі.

Зміцер Чарняўскі: “Альбом атрымаўся рознабаковым. Але ў яго ёсць свой агульны настрой. Песні ўтрымліваюць менавіта настрой, а не ідэю. Пра настрой можна сказаць “добры” і “дрэнны”, а яшчэ варта зачапіць слова “меланхолія” у нашым выпадку. І ўсё”.

Музыка гурта ствараецца выключна на камп’ютары. Яго неабмежаваныя магчымасці, кажа Зміцер Чарняўскі, дазваляюць рабіць тое, што сапраўды падабаецца. “Добрый слон” — гэта ўжо другая пласцінка мінскага трыа. Першая называлася “t h e d a y b e f o r e t h e d a y”, складалася ажно з 17 трэкаў, кожны з якіх меў арыгінальную назву. Напрыклад, “На вокале Лукашенко — Я знаю ситуацию”.

Дарэчы, у падтрымку “Доброго слона” каманда зняла ў нечым скандальны і сумны кліп. “Baloo” — гэта гісторыя мядзведзя пасля таго, як скончылася казка. Мядзведзь вандруе па Мінску ў інвалідным вазку і скача з даху. Vegetables, якія самі прыдумалі і знялі відэа, збіраюцца захоўваць свой почырк у наступных роліках.

Зміцер Чарняўскі: “Ідэй у нас увогуле шмат. Я думаю, што гэта будзе нечым падобна, але сказаць цяжка. Але дакладна, што ніякага вясёлага віруснага відэа мы рабіць не будзем. Каб не ўступаць у здзелку з сумленнем, зрабілі кліп такі, як і хацелі. Думаю, па наступных кліпах, калі мы іх будзем рабіць, будзе зразумела, што яны нашы”.

Ужо праз месяц Vegetables плануюць распачаць канцэртныя выступы.

Гурт можна знайсці вконтакте

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі