Віктар Януковіч лічыць прыкрым прысуд Юліі Цімашэнцы
Пра гэта прэзідэнт Украіны заявіў сёння на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Славеніі Данілам Цюркам ў Кіеве.
Па словах Януковіча, гэта не канчатковае рашэнне, бо наперадзе яшчэ будзе апеляцыйны суд. Украінскі прэзідэнт адзначыў, што прысуд быў вынесены на падставе Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, які пачаў ужывацца з 1962 года. З таго часу ў яго не рабіліся змены.
Пры гэтым Януковіч падкрэсліў, што справа Цімашэнкі дасталася цяперашняй уладзе "ў спадчыну ад папярэдняй". Расследаванне пачалося падчас прэзідэнцтва Віктара Юшчанкі пасля рашэння Савета нацыянальнай бяспекі і абароны ў лютым 2009 года.
Віктар Януковіч назваў прысуд прыкрым рашэннем, бо "яно перашкаджае еўрапейскай інтэграцыі Украіны". Нагадаем, што Пячэрскі раённы суд Кіева асудзіў экс-прэм'ера Юлію Цімашэнку на сем гадоў пазбаўлення волі.