Віцебскія байкеры адкрылі сезон (фота)
Яны па традыцыі распачынаюць новы сезон урачыстым праездам праз увесь горад, выставай сваіх матацыклаў і спецыфічнымі байкерскімі гульнямі.
29 красавіка калона байкераў на чале з сябрамі клуба “Псы дарог” пранеслася ад Воранаўскага кальца да парку Фрунзе. Там байкеры спаборнічалі ў тым, чый матацыкл мацней гудзе, чыя дзяўчына здолее на поўнай хадзе адкусіць падвешаную на вяроўцы сасіску, хто кіне цяжкі байкерскі бот у цэль ды ў іншых уменнях.
Дарэчы, калі некалькі год таму ботам трэба было трапіць у бутэльку з півам, якую самы трапны гулец і атрымліваў у якасці прыза, то цяпер віцебскія байкеры гуляюць на квас. Да шоу далучыліся і некалькі хлопцаў на скутарах. Мацёрыя байкеры-“ветэраны” з іх пасмейваліся, але не праганялі — няхай змена падрастае.