Вясковец зляпіў снежны танк у натуральную велічыню (фота)
25-гадовы жыхар вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна Віктар Кавальчук зрабіў гэткую снегавую скульптуру проста ў сябе на агародзе.
Каб надаць ёй больш натуральны выгляд, Віктар пафарбаваў снежны танк у зялёны колер, піша "Ганцавiцкi час".
Са слоў мамы снежнага скульптара Ніны Кавальчук, на фарбу Віктар выдаткаваў каля 250 тыс. рублёў. “Ён вельмі стараўся зрабіць яго як мага прыгажэйшым, таму не шкадаваў ні сіл, ні грошай. Але вельмі перажывае, што на двары адліга і снежная фігура можа растаць”, — распавяла Ніна Кавальчук.
Сам хлопец сказаў, што не хацеў розгаласу. Але ў размове з журналістамі ён прызнаўся, што вылепіў танк для ўдзелу ва ўсерасійскім інтэрнэт-конкурсе “Танкавік-2013”, які стартаваў 25 студзеня.
Першы конкурс быў праведзены камандай гульні World of Tanks у лютым 2012 года. У мінулым годзе Віктар не паспеў узяць удзел у конкурсе. І наважыў паспрабаваць шчасця цяпер, бо за лепшы танк арганізатары абяцаюць ноўтбук. Віктар паводле прафесіі муляр і спадзяецца, што ў яго ёсць рэальны шанец на перамогу.