Выпускнікам журфака прапануюць працу ў Бераставіцы за мільён рублёў
А педагогі-платнікі з Віцебска самі ідуць на размеркаванне з заробкам у 2 мільёны.
130318_marcin_razmerkavanne.mp3
У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава, на педагагічным факультэце заявак на размеркаванне больш, чым выпускнікоў. У дэканаце гэтым фактам ганарацца:
“Заяўкі з Віцебска, з Докшыцаў, па ўсім Віцебскім рэгіёне. Двух чалавек размеркавалі ў дзіцячыя Дамы творчасці. У каго была сельская прапіска — паехалі дадому, у каго віцебская — засталіся ў Віцебску”.
Як даведваецца Еўрарадыё, размеркаванне папрасілі таксама пяць платнікаў, яны будуць працаваць у школе.
Выпускніца Кацярына размяркоўваецца ў Віцебскі раён, будзе працаваць поруч з домам. Заробак — каля двух мільёнаў.
“На мяне быў запыт з раёну, абяцалі школу. Буду працаваць каля свайго дома — вёскі Камаі. Наогул, я задаволена”, — гаворыць Кацярына.
І ўсё ж прыгадвае адну незадаволеную сваім размеркаваннем выпускніцу. Дзяўчына хацела застацца ў Віцебску, размеркавалі ў раён.
“Не мела рэгістрацыі, таму адправілі ў раён. Але яна можа зрабіць рэгістрацыю да жніўня і пераразмеркавацца”, — тлумачыць Кацярына.
На біялагічным факультэце БДУ вольных дыпломаў сёлета не будзе.
“Вольны дыплом, хто на бюджэце вучыцца, ніяк не можа атрымаць. Студэнты, як правіла, самі турбуюцца пра сваё працаўладкаванне. Яны ўжо з верасня шукаюць. Прыходзяць добрыя заяўкі ў профільныя інстытуты”, — цешацца ў дэканаце біялагічнага факультэта.
У дэканаце эканамічнага факультэта БДУ пакуль не ведаюць, ці дадуць каму вольны дыплом: тут чакаюць шмат заявак на выпускнікоў.
А Інстытут журналістыкі БДУ ўжо вывесіў заяўкі на выпускнікоў. Ёсць месцы на “друкаваныя СМІ”, на — "веб-журналістыку", “аўдыёвізуальную журналістыку” і “літаратурную працу (рэдагаванне)”.
Заробкі ўражваюць! ”Карэспандэнту першай катэгорыі” з “Бераставіцкай газеты” гатовыя плаціць… 1 мільён рублёў!
Загадчыку аддзела інфармацыі ў мсціслаўскай "Рэдакцыі раённай газеты “Святло Кастрычніка” і тэлерадыёвяшчальных СМІ” — 1,4 мільёна рублёў.
Больш за ўсіх прапануюць фатографу “Нарачанскай зары” і “Нарачанскай хвалі”: калі паедзе ў Мядзел, будзе мець заробак у 3 мільёны рублёў.
Заявак з газет “Рэспубліка” і “Знамя юности”, якія збіраюцца аб’ядноўваць у холдынг, на журфаку пакуль не заўважаем.
Фота 1: onliner.by