“Забароненых” музыкаў пакажуць на дзяржаўным тэлебачанні (фота)

120126 Malina Neba.mp3

Амаль усё, што ствараецца ў Беларусі, вялікая колькасць нашага насельніцтва ад пачатку ўспрымае як нешта нявартае ўвагі. Тым больш, калі размова вядзецца пра творчы прадукт. І найперш гэта тычыцца айчыннага кінематографа ды музыкі. Таму першы беларускі моладзевы серыял "Вышэй за неба", які здымаецца з удзелам выключна беларускіх акцёраў ды музыкаў, ад пачатку рызыкоўны праект. Тым больш, што адной з мэтаў ставілася адкрыць новыя імёны. Праўда, не толькі моладзь задзейнічаная ў праекце, у эпізодах з'явяцца і зоркі, прычым не зважаючы на “чорныя спісы”.

"Мы знялі шмат артыстаў, – распавядае прадзюсер і сцэнарыст серыялу Андрэй Курэйчык. – Мы знялі Змітра Вайцюшкевіча, Алега Хаменку, я асабіста запрашаў Сяргея Міхалка, але ён не прыехаў па прычынах, якія ад нас не залежаць... Пры гэтым мы знялі Аляксандра Саладуху, Змітра Калдуна, Аляксандра Патліса і астатніх. То бок, у нас, як у прадстаўнікоў ААН, не існуе ніякіх спісаў дазволеных-забароненых".

У апошні здымачны дзень, здымалі адну з першых сцэн фільма – вялікі музычны фестываль, на якім акурат і сабраліся беларускія ВІПы. Паводле сцэнарыя, яны мусілі ўзрушана распавядаць журналістам пра малады гурт "Перфект", вакол якога разгортваецца сюжэт і які толькі што выступіў на гэтым фэсце.

Цікава, што амаль ніхто з іх не чуў песню, якую будзе выконваць гэты гурт у фільме. Але пасля кожнага адзнятага ВІПа Андрэй Курэйчык натхнёна вымаўляў: "Мне падабаецца, як ты хлусіш!"

"Я разумею, што калі гэтая музыка будзе фуфлом, а я падпісаўся, то гэта не будзе прыкольна, – тлумачыць сваё захапленне кіношным гуртом "Вышэй за неба" лідар J:Морс Уладзімір Пугач. – Але Курэйчык мяне папрасіў, і я рызыкнуў сваёй рэпутацыяй. Я часта рызыкую. Тым больш, я бачу, што людзі сапраўды працуюць і ў іх ёсць запал. Да таго ж Андрэй Курэйчык – добры сцэнарыст, і ў мяне няма падставаў думаць, што гэтым разам нешта не атрымаецца. Фабулу сцэнарыя я ведаю, гэта дастаткова прыгожая гісторыя. А вынік творчай працы – не долар, ён усім падабацца не можа".

Але не ўсе беларускія знакамітасці здымаліся ў серыяле ў ролях саміх сябе. Да прыкладу, спявачка Венера выступіла ў ролі прадзюсера з Масквы, а рэпер Vinsent стаў адным з музыкаў гурта "Перфект".

"Я выконваю ролю клавішніка Макса, – апісвае свайго героя рэпер. – Гэта свядомы чалавек, арыентаваны на Еўропу. Ён размаўляе па-беларуску, нясе еўрапейскія каштоўнасці і прадстаўляе менавіта гэты слой сучасных беларускіх маладзёнаў. Я думаю, што гэта будзе цікава, бо ўсё падобна на праўду".

Беларуская мова гучыць і ва ўсіх беларускіх песнях серыяла. Дарэчы, пісалі іх гурт Akute, Sonica, Вінсэнт ды іншыя. Сярод персанажаў "Вышэй за неба" беларуская мова таксама не рэдкая і гэта не толькі эпізадычныя ролі.

"І дарослыя ёсць героі, і сяброўкі галоўнай гераіні цалкам беларускамоўныя, – дзеліцца Андрэй Курэйчык. – Мы не маглі рабіць толькі беларускамоўны праект, бо гэта была б няпраўда. На жаль, мы не сустракаем такога асяроддзя, каб у ім размаўлялі выключна на беларускай. Але мы ведаем, што вялікая колькасць інтэлігенцыі любіць і паважае сваю мову. Таму ў фільме мы максімальна стараліся прамаціраваць мову".

Гледзячы па настроі “кіношнікаў” у апошні здымачны дзень, серыял проста абавязаны змяніць стэрэатыпнае стаўленне да айчыннай кінапрадукцыі. Праверыць гэта мы здолеем ужо бягучай вясной, бо паводле планаў Курэйчыка, праз тры месяцы серыял мусіць з'явіцца ў эфіры аднаго з дзяржаўных каналаў.



Cерыял "Вышэй за неба" здымаюць пад эгідай праграм ААН. Усе галоўныя героі стужкі былі адабраныя шляхам нацыянальнага кастынгу, у якім удзельнічалі больш за дзве тысячы чалавек з 30 гарадоў краіны. А сярод васьмі выканаўцаў галоўных роляў у выніку апынуўся толькі адзін прафесійны акцёр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі