Як мы давалі рады і што цяпер будзе
Цвіком па бярозаўскай плітцы, унітазамі па сем’ях, песнямі на мове па стэрэатыпах! Чым запомнілася наведнікам і лаўрэатам музычная прэмія Еўрарадыё “Даём рады”?
1 лютага, каля 10:30. Музыкі "Дай дарогу!" вывальваюцца з цягніка “эканом-класу” на перон у Мінску. Рытм-секцыя кіруецца ў цэнтр па справах, а Юра Стыльскі ўладкоўваецца паспаць на ружовай канапе ў рэдакцыі Еўрарадыё.
У рэдакцыі пануе надзвычайная ціша. І гэта не таму, што Юра спіць, а проста таму, што амаль нікога няма. Апошнія прыгатаванні, саўндчэк... І вось, Ілля Маліноўскі ўжо прыгадвае са сцэны, чым скончылася туса пасля канцэрта The Toobes дома ў клавішніцы Clover Club Наташы Куніцкай…
"Разбіты ўнітаз — гэта, канечне, нонсенс. Мой муж нарэшце растаў і прабачыў мяне за ўсе грахі. Супер! А калі сур’ёзна, то "Дэбют" — гэта сапраўды тое, што нас парадавала", — радуецца Наташа. Супер! Еўрарадыё не дазваляе ўнітазам уплываць на сямейны дабрабыт!
Падчас фэсту Clover Club прэзнентавалі беларускамоўную версію хіта "On rewind" з дэбютнага альбома.
Юра Стыльскі тым часам канчаткова прачнуўся і гойсае туды-сюды за кулісамі Re:Public’a. Маральна рыхтуецца: хутка выходзіць па ўзнагароды!
Юрый Стыльскі: “Людзі, вартыя ўзнагароды, мусяць быць узнагароджаныя. Ёсць і трэці разрад, ёсць пяты, ёсць дзесяты. Вось мы прыйшлі да нейкага разраду — мы ўсе задаволеныя. Атрымалі тое, што заслужылі. Апынулася, мы вартыя многага (смяецца)”.
Не ўсе чакалі, што прэміі Еўрарадыё атрымаюць маладыя гурты, а не "тыя, хто заўжды".
Слухачка Вольга: “Убачылі тое, што ўзнагароджваюць гурты, якія цяпер, ну, напэўна, папулярныя ў моладзі. А я сябе адношу да больш сталага ўзросту. Няма таго, што раньш было… У першых шэрагах папсовыя гурты… Хацелася б убачыць генералаў айчыннага року!”
Мы з Вольгай — адной крыві. І ўсе нашы статуэткі, і нянашы таксама, з вялікай удзячнасцю мы аддалі б "генералам". Але — што зробіш! — у 2012 годзе Крама і Ulis адмаўчаліся. Neuro Dubel выдаў моцны альбом, але праз "чорныя спісы" так і не здолеў разгарнуцца. Няма таго, што раньш было… Што да N.R.M., дык яны ў нашы шорт-лісты трапілі. Але ў намінацыі "Непатанаючая легенда" усё ж перамагла "Рок-каранацыя".
Андрусь Такінданг: “Я думаў, што будзе “Маргінальны праект году” ці “Дыструктыўны аркестр году”, але гэта такая нечаканасць, надзвычай прыемная і радасная, таму што для музыкі асноўнае – гэта магчымасць выконваць сваю музыку і, адпаведна, запісваць яе. Вельмі добра, што “Гаротніцы” далі не грошы, а сертыфікат на запіс – гэта вельмі істотна!”
Ну хто яшчэ ўзрадуецца таму, што грошай не далі? Андрусь Такінданг і яго “Гаротніца” — непаўторна, па-беларуску шчырыя. Цяпер музыкі гастралююць па ўсім свеце. Як толькі вернуцца — адразу пойдуць запісвацца на студыю "Осмас". “Далей чакаць ад іх альбома было проста немагчыма!” — вырашылі ў рэдакцыі Еўрарадыё. І дабравольна-прымусова ўручылі сертыфікат на запіс. Для пачатку — сінгла.
Гурт :B:N: не чакаў ніякай узнагароды, таму вырашыў узнагародзіць Еўрарадыё. Для гэтага Алесю Лютычу давялося цвіком выбіваць тэкст на бярозаўскай керамічнай плітцы.
“Вы нам далі менш — 30 хвілін на выступ, а я патраціў 40 хвілін на стварэнне “ўзнагароды”. Але, спадзяюся, у наступным годзе зраблю нешта новае і часу будзе больш”.
Еўрарадыё чаканні :B:N: не спраўдзіла. Хлопцы з Бярозы атрымалі-такі ўзнагароду. Прэзентацыя іх альбома “Крок за крокам” на нашым сайце выклікала найбольшы попыт. Яны абыйшлі і “Дай дарогу!”, і Akute, якія таксама прэзентаваліся ў нас.
І гэта, твой цвік пакінуў сляды на нашых сэрцах, Алесь!
Музыкі гурта Avias у рок-музыцы не першы дзясятак гадоў. Генералы — не генералы, але маёры дакладна! Гурт, напэўна, марыць пра буйныя еўрапейскія фэсты кшталту “Сігета” і “Гластанберы”. Але пакуль што аўтарам лепшага сінгла-2012 даводзіцца граць на прэміі Еўрарадыё. Што паробіш, джакузі ў грымёрцы не працавала, шампанскае скісла і дзевачак на ўсіх не хапіла… Рома і кампанія, не крыўдуйце! Усё яшчэ будзе!
Рома Сухоцкі: “Мы пішам новыя песні — усё будзе добра, будзем яшчэ атрымоўваць вашы ўзнагароды. Я не люблю казаць пра планы, якія некалькі расплыўчатыя, таму лепш рабіць нейкія нечаканасці. Калі ўсё гатова – усім сказаць, што заўтра будзе альбом. А так, выдатны канцэрт, добрыя гурты…”
Сапраўды, пакуль Avias выдавалі толькі ЕР, таму ў 2013 чакаем альбома.
“Гэта была самая доўгая песня ў маім жыцці!” — перашэптваюцца маладыя-зялёныя наведвальнікі фэсту “Даём рады” пра гурт Re1ikt. Гэтыя таямнічыя хлопцы — фаварыты Еўрарадыё на 2013 год. Ну, а што? Гітара ёсць? Ёсць! Вакаліст вярнуўся? Вярнуўся! Усё на сваіх месцах. Таму наша стаўка на бліжэйшыя 11 месяцаў — на Re1ikt!
Бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка: “Будзем спраўджваць, напэўна, “Надзею”. Думаю, што мы будзем радаваць сабой і Еўрарадыё, і прыхільнікаў гурта, і слухачоў беларускай музыкі. Мы зараз рыхтуем новы матэрыял да новага альбома. Усё будзе нармальна”.
Тройчы лаўрэаты "Даём рады" магілёўскі гурт Akute.
І таксама тройчы ўзнагароджаныя "Дай дарогу!"
Мы дзякуем нашым любімым музыкам і не менш любімым слухачам за феерычны вечар. І абяцаем, што працяг будзе!