Якуб Колас пытаўся ў мінчукоў, што такое ШОС

Флэшмоб адбыўся 9 сакавіка ў Мінску каля 12-й гадзіны дня. На змену цацкам, якія “пратэставалі”, прыйшлі скульптуры — гэтым разам “пратэставала” кампазіцыя на Плошчы Якуба Коласа.

Да кожнай скульптуры актывісты надрукавалі адмысловы плакат. Каля ног самога Якуба Коласа быў усталяваны плакат з допісам “А што такое ШОС?”. Сяброўка Сымона Музыкі пыталася ў яго: “Сымон, а дзе твой смык?” А Сымон адказваў: “Ужо даўно кітайцам прадалі!”. Дзед Талаш са стрэльбай углядаўся ў праспект Незалежнасці: “Дзе-дзе там картэж?” А хлопчык весела адказвае яму: “Да вунь ён едзе!”

“Усё было вельмі міла і мірна, дзеці бегалі каля помнікаў — бо выходны дзень, усе гуляюць з дзецьмі. Людзі фатаграфавалі, усміхаліся. Міліцыянты спачатку стаялі ў баку, але потым забаранілі фатаграфаваць гэта ўсё”, — распавёў Еўрарадыё адзін з мінакоў на Плошчы Якуба Коласа.

Агулам таблічкі пратрывалі на плошчы больш за паўгадзіны. Паводле інфармацыі, што з’явілася пазней на сайце кампаніі “Гавары праўду”, акцыя называлася “Статуэ бастуэ” і была праведзеная моладзевым крылом “ГП”, якое завецца “Zмена”. На сайце адзначаецца, што акцыя адбылася “нягледзячы на адміністрацыйны пераслед актывістаў”.

Нагадаем, за акцыі з пратэстуючымі ў цэнтры Мінска цацкамі праз некалькі дзён пасля іх правядзення быў схоплены актывіст Павел Вінаградаў, які правёў за кратамі 13 сутак. А актывіст Аляксандр Арцыбашаў у дадзены момант адбывае 7-суткавы арышт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі