Яшчэ сем грамадзян Беларусі названыя “Праведнікамі народаў свету”
А ўсяго ў нашай краіне гэта званне маюць больш за 700 чалавек.
Ушанаванне памяці ахвяраў Халакоста і ўзнагароджанне пяці беларусаў, імёны якіх сталі вядомыя толькі цяпер, медалямі “Праведнікаў народаў свету” прайшло 5 траўня ў Мінску. Галоўным арганізатарам гэтага мерапрыемства, прысвечанага Дню катастрофы і гераізма еўрапейскага яўрэйства, традыцыйна стала амбасада Ізраіля ў Беларусі.
У размове з Еўрарадыё часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Ганна Азары заўважыла, што раней званне праведніка давала магчымасць людзям неяўрэйскай нацыянальнасці магчымасць на рэпатрыяцыю ў Ізраіль, давала права на грамадзянства і невялікую пенсію.
Але зараз гэта не актуальна, бо самі праведнікі, тыя, хто падчас вайны рызыкуючы сваім жыццём, уратаваў яўрэя, сыходзяць, а медалі за іх атрымліваюць сваякі.
Гання Азары: “Большасць праведнікаў у іншых частках Еўропы былі ўзнагароджаныя дзесяткі гадоў таму. Тое, што на тэрыторыі былога Савецкага Саюза гэта адбываецца ў апошнія 20 гадоў — гэта таму, што за савецкім часам гэтыя пошукі былі немагчымыя. І вельмі часта, як і сёння, мы ўзнагароджваем пасмяротна. Бо праведнікі сыходзяць. Але Ізраіль лічыць сваім святым абавязкам адзначыць кожнага і думаць пра кожнага”.
Так было і гэтым разам. Лідзія Ваўкавец, Марыя Марцуляніс, Анастасія Галікевіч, Якаў, Фядора, Мікалай і Вольга Дземавы, прызнаныя “Праведнікамі народаў свету”, пайшлі з жыцця. І ўзнагароды за іх атрымлівалі дзеці і сваякі.
Цырымонія ўручэння ўзнагарод была непрацяглая і зусім не пафасная. Спачатку некалькі слоў да ўсіх, хто прыйшоў на вечарыну ў тэатр імя Горкага, сказала часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Ганна Азары. Потым запалілі шэсць свечак памяці. Традыцыйна гэта зрабілі старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак Леанід Левін,
старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання яўрэяў — былых вязняў гета і нацысцкіх канцлагероў Міхаіл Трэйстар,
старшыня грамадскага аб’яднання Беларускі саюз яўрэяў-інвалідаў ветэранаў вайны партызанаў і падпольшчыкаў Леў Шэйтман,
Праведнік Ірына Простак ад імя ўсіх беларускіх “Праведнікаў народаў света”,
кіраўніца моладзевага клуба Ізраільскага культурнага цэнтра Кацярына Рычагова
і дырэктар Ізраільскага культурнага цэнтра пры амбасадзе Ізраіля ў Беларусі Вольга Паляшчук.
І завяршылі вечар невялікім спектаклям на тэмы трагедыі яўрэйскага народа падчас Другой сусветнай вайны ў пастаноўцы актораў тэатра імя Горкага.
Дарэчы, званне “Праведніка” атрымалі каля 700 грамадзян Беларусі. Вось толькі, кажа часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Ганна Азары, відавочна, што гэты праект завяршаецца — сыходзяць з жыцця не толькі тыя, хто ратаваў яўрэяў падчас вайны, але і самі выратаваныя.
Фота: Змітра Лукашука