Yellow Power: Былі б у журы Basowiszcza — таксама прагаласавалі б за сябе!
Вакаліст YP Дзяніс Пуцікаў распавёў, хто ў гурце галоўны, што хаваецца ў яго назве і якое па ліку з'яўленне на сцэне (увогуле) стала для хлопцаў пераможным.
Гран-пры XXII фэста музыкі маладой Беларусі "Басовішча" атрымаў мінскі гурт Yellow Power. Еўрарадыё ў жывым эфіры павіншавала вакаліста YP Дзяніса Пуцікава з перамогай. Пра Yellow Power зараз цікава ўсё — бо ніхто пра хлопцаў нічога не ведае! А першае пытанне датычылася статуса суполкі гурта "вКонтакте": "Музыка — это когда никто не хлопает, а жюри в а*уе".
Еўрарадыё: Дык што, журы сапраўды было... Здзіўленае?
Дзяніс: “Былі здзіўленыя таму, што нам далі гэтую перамогу”.
Еўрарадыё: А вы самі не здзівіліся?
Дзяніс: “Вельмі. Так, мы здзівіліся”.
Еўрарадыё: То бок, калі вы ехалі на "Басовішча", не разлічвалі на такі вынік?
Дзяніс: “Мы планавалі выступіць, атрымаць вялікае задавальненне, з супергукам. Тым больш, такая вялікая сцэна. Ды і што сказаць, гэта быў наш толькі чацверты выступ наогул на сцэне”.
Еўрарадыё: А самі вы згодныя з гэтай фразай? Хто яе ўвогуле прыдумаў?
Дзяніс: "Натуральна! А прыдумаў яе не я, а іншы чалавек — Макс. Ён не ўваходзіць у склад музыкаў YP, але займаецца нашай тэхнікай і гукам, і вельмі дапамагае падчас выступаў".
Еўрарадыё: Yellow Power — гэта колькі чалавек?
Дзяніс: “Yellow Power — гэта на дадзены момант пяць чалавек. Аднак ёсць планы па пашырэнні”.
Еўрарадыё: Удзельнікі калектыву на фестывалі прызнаваліся нашай карэспандэнтцы, што вы выступілі крыху горш, чым планавалі. Што вам перашкодзіла?
Дзяніс: “Пакуль што цяжка сказаць. Гэта такое ўнутранае адчуванне, што мы насамрэч можам нашмат лепш. У мяне, напрыклад, пасля самога выступу засталося такое едкае ўнутранае незадавўленае. Можа такая завышаная прага да дасканаласці. Аднак я не магу сказаць, што я задаволены”.
Еўрарадыё: Але вы клубны гурт ці фестывальны?
Дзяніс: “Мы і такія і такія напэўна”.
Еўрарадыё: Што такое Yellow Power? Што вы мелі на ўвазе?
Дзяніс: “Насамрэч гэтае пытанне ставіць у тупік. У мяне самога ўзнікае такое пытанне — чаму мы называемся Yellow Power — і ва ўдзельнікаў гурта таксама. У мяне ў галаве нешта пачало ўжо ўкладвацца, і, думаю, у пэўнай ступені гэта звязана вось з гэтым словам Yellow. Прыходзіць у галаву асацыяцыя напрыклад, Yellow Houses — дамы для вар’ятаў, якія раней называліся жоўтыя дамы. Гэта пэўны аспект псіхадэлічнасці у творчасці, якая прысутнічае ва ўсіх песнях. Напэўна адсюль Yellow. Power — адпаведна гэта нашая сіла. Падача з якой мы выходзім, і тое, што мы хочам несці”.
Еўрарадыё: А якога колеру шпалеры ў тваім пакоі?
Дзяніс: “Відаць, бліжэй да карычневага. Але жаўцізна ў іх прыстунічае”.
Еўрарадыё: Калі б ты сам быў у журы, каму б ты аддаў гран-пры?
Дзяніс: "Пытанне няпростае, таму што мне, напрыклад, спадабаліся "Гаротніца". З аднаго боку альбо “Гаротніца” альбо Vuraj, але…"
Еўрарадыё: Ты б сабе не аддаў прыз?
Дзяніс: “Калі б я сядзеў у журы, я б аддаў перамогу сабе. Проста таму, што тое, што я раблю, мне цікава. І мы вельмі стараемся зрабіць нешта свежае. Я разумею, што гэта стараюцца напэўна, зрабіць усе. Не тое, што мы лепш за ўсіх, гэта цяжка ацаніць. Але для мяне гэта свежае, тое што мы робім”.
Еўрарадыё: Вы малады калектыў. Хто вас натхняе?
Дзяніс: “Я напэўна здзіўлю шмат каго, але я апошні час слухаю толькі Karunesh'а. Гэта такі нью-эйдж-музыка. А так наогул слухаю агромністую колькасць музыкі — той жа самы Coil, напрыклад, вельмі люблю Аукцыон і Леаніда Фёдарава, і Ніка Кейва, і гэтак далей”.
Еўрарадыё: А хлопцы, удзельнікі гурта, што яны за людзі, дзе ты іх знайшоў?
Дзяніс: “У мяне ёсць брат, ён гітарыст у нашым гурце, Ільля. Шукаць яго не трэба было — ён рос са мной у адным пакоі. Астатнія проста неяк далучаліся. Вось барабаншчык і клавішніца — гэта аднагрупнікі брата па ўніверсітэце. І наогул самым важным чалавекам у гурце з’яўляецца Ільля. Яму належыць большая колькасць ідэяў. Вакол яго і адбылося такое канцэнтраванне людзей”.
Еўрарадыё: То бок, ты не з’яўляешся дыктатарам у гурце? У вас дэмакратыя?
Дзяніс: “З аднаго боку ёсць дэмакратыя, але мне падабаецца ў гэтым выпадку выраз Аляксандра Кулінковіча, які мы часта паўтараем: "Вы можаце паслаць так далёка як хочаце, але я пасылаю далей за ўсіх". Гэта выраз, які ён паўтарыў некалі ў інтэрв’ю і які нам спадабаўся. Гэта характэрызуе менавіта асобу нашага гітарыста, Ільлі — ён пасылае далей за ўсіх. Таму можна ўсё ж сказаць, што на чале ў нас стаіць упэўнены чалавек. Але дэмакратыя прысутнічае — ідэі накідваюцца разам”.
Еўрарадыё: На што патраціце галоўны прыз?
Дзяніс: “Відаць, на інструменты”.
Еўрарадыё: Але відаць будзе і запіс альбома?
Дзяніс: “Так, але гэта справа складаная, якая патрабуе менавіта агромністай задаволенасці матэрыялам, які варта запісваць”.
Рэпартаж Еўрарадыё з XXII "Басовішча" чытайце тут.