З 6 студзеня ў Беларусі будуць караць за парушэнні ў інтэрнэце
Папраўкі ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях набываць сілу менавіта ў гэты дзень.
У адмысловым паведамленні Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі гаворыцца, што ў 2012 годзе ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць за парушэнне заканадаўства ў галіне інтэрнэт-тэхналогій. Так, прадаваць тавары і паслугі можна будзе толькі праз размешчаныя на тэрыторыі краіны сеткі і рэсурсы. Іначай давядзецца сплаціць штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў, інфармуе Радыё Свабода.
Штраф ад 5 да 15 базавых велічыняў будзе спаганяцца з адказных асобаў пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі (кампутарныя клубы, інтэрнэт-кавярні і г.д.) пры парушэнні правілаў ідэнтыфікацыі абаненцкіх прыстасаванняў і карыстальнікаў, а таксама пры ўліку і захаванні звестак пра іх і пра аказаныя паслугі.
Нарэшце, пры парушэнні патрабаванняў наконт абмежавання доступу да інфармацыі, забароненай да распаўсюду, ужываецца штраф да 30 базавых велічыняў.
Караць правапарушальнікаў маюць права органы дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнага кантролю, падатковыя структуры.