З Беларусі выслалі навукоўца, які выступаў супраць Астравецкай АЭС

Маскоўскі РУУС Мінска вырашыў гэтае пытанне ў пазасудовым парадку, на падставе таго, што навуковец быў асуджаны за дробнае хуліганства. Прычым пастанова ад адміністратыўным арышце яшчэ не набыла моц, бо яе абскарджвалі ў пяцідзённы тэрмін. Касацыйная скарга павінна была разглядацца ў бліжэйшы панядзелак Мінскім гарадскім судом, паведамляе charter97.org

Тым не менш расійскага фізіка пасадзілі на цягнік да Смаленска. Андрэй Ажараўскі расцэньвае гэта як правакацыю ўладаў, скіраваную супраць усяго антыядзернага руху ў Беларусі.

Андрэй Ажараўскі раней быў арыштаваны ў Астраўцы за спробу ўвайсці ў залу грамадскіх слуханняў, дзе якраз разглядаліся крытычныя матэрыялы наконт будаўніцтва АЭС.

Факты ціску былі і на іншых праціўнікаў беларускай АЭС. За сваю пазіцыю быў звольнены з працы дырэктар ландшафтнага заказніка Ігар Пастухоў, неаднаразова падвяргаўся судоваму пераследу і вобшукам Мікалай Уласевіч, жыхар вёскі Варняны пад Астраўцом, не так даўно быў затрыманы навуковец, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі