З двума ці трыма літрамі бензіну праз мяжу прапусцяць

Еўрарадыё нарэшце разабралася з  тым, як заплаціць за бензін, калі вы перасякаеце мяжу часцей за адзін раз на пяць сутак. Раней працаўнікі мытні блыталіся і не маглі толкам патлумачыць…

Мыту трэба плаціць не на самой мяжы. А ва ўнутраных пунктах мытнага афармлення!

Калі вы прыедзеце на мяжу і нават калі будзеце гатовыя там заплаціць, то вас усё адно развернуць назад.

Супрацоўнік Мытнага камітэта: “Плаціць трэба ва ўнутраным пункце мытнага афармлення (толькі не на мяжы!), вы павінны падысці і сказаць: “Я хачу выехаць з 20 літрамі бензіну, мне трэба, бо я буду перасякаць мяжу часцей за раз у 5 дзён". І калі трэба — заплаціць нейкія плацяжы. І з гэтымі дакументамі выязджаць ужо. А інакш я думаю, што ў кожным разе ў вас узнікнуць праблемы”.


Заплаціць мыту за бензін можна нават па месцы жыхарства, калі вы загадзя ведаеце, што паедзеце праз мяжу некалькі раз за пяць дзён, патлумачыў Еўрарадыё дзяжурны Гродзенскай мытні:

"Афармляецца на ўнутраным ПМА (пункт мытнага афармлення — Еўрарадыё). Можаце адразу запоўніць па месцы жыхарства. Зайсці на ўнутранае ПМА, запоўніць грузавую мытную дэкларацыю, аплаціць экспартную мыту. І з гэтымі дакументамі ехаць на мяжу".


Як высветліла Еўрарадыё, вы зможаце праехаць і не плаціць пошліны, калі ў вашым баку роўна столькі паліва, каб даехаць да першай запраўкі.

"Калі ў вас там будзе бензіну, каб даехаць да бліжэйшай запраўкі — калі ласка", — распавялі Еўрарадыё на пункце мытнага афармлення Урбаны (Полацкая мытня).

Еўрарадыё: "Ну, скажам, у мяне два літры бензіну. Я праеду?"


ПМА: "Канешне, чаму не".

Еўрарадыё: "А тры?"


ПМА: "2-3 літры даехаць да бліжэйшай запраўкі — вас прапусцяць".


Але на пункце мытнага афармлення Урбаны пакуль ніводны (!) чалавек за гэтыя пяць дзён мыту за бензін не заплаціў.

ПМА: "Пакуль ніхто не плаціў. Ніхто проста не хоча плаціць".

Карэспандэнт Еўрарадыё пабываў на памежным пераходзе "Брузгі", і распавёў як усё адбываецца на самой справе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі