З Эквадора ў Мінск могуць экстрадаваць экс-міліцыянта
Беларус Аляксандр Баранкоў лічыцца ў вышуку Інтэрполу. Цяпер ён знаходзіцца ў крымінальнай турме ў горадзе Кіта, куды трапіў 7 чэрвеня.
Паліцыя Эквадора затрымала яго, паводле афіцыйнай версіі, для праверкі юрыдычнага статусу перабывання ў краіне.
Баранкоў прыехаў у Эквадор ў 2009 годзе, паведамляе Радыё "Свабода". Ён кажа, што ў Беларусі быў капітанам міліцыі, супрацоўнікам аддзела, які сачыў за дыпламатамі замежных амбасадаў і звычайнымі грамадзянамі. Паводле іншых крыніцаў, ён працаваў у АБЭП, і нібыта валодае нейкай важнай сакрэтнай інфармацыяй, а ўцёк з Беларусі з прычыны нязгоды з палітыкай, якая праводзіцца Аляксандрам Лукашэнкам.
Пры канцы чэрвеня Лукашэнка наведаў Эквадор з афіцыйным візітам. Баранкова затрымалі акурат напярэдадні яго прыезду. Як кажуць сваякі Баранкова, Беларусь дамагаецца, каб эквадорскае кіраўніцтва пазбавіла яго статусу ўцекача, каб потым запатрабаваць яго экстрадыцыі ў Беларусь.
У прэс-службе КДБ гавораць, што Баранкоў спачатку працаваў у Першамайскім РУУС Мінска аператыўнікам, а потым перайшоў працаваць у Памежны камітэт. На яго пачалі крымінальную справа па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: падбухторванне ў дачы хабару, атрыманне хабару і махлярства.
Пытанне пра экстрадыцыю Баранкова павінен вырашыць бліжэйшымі днямі старшыня Нацыянальнага суда Эквадора.