З пачатку года ў Беларусі 92 чалавекі атруціліся грыбамі
Адзін чалавек памёр — гэта была жанчына 1968 году нараджэння, жыхарка Мазыра. Яна спажыла ядавітыя грыбы і несвоечасова звярнулася да медыкаў.
Летась ад атрутных грыбоў памёрлі 9 беларусаў. Такія звесткі падае Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Спецыялісты нагадваюць, што трэба абавязкова выконваць правілы збору, захоўвання і прыгатавання грыбоў. Збіраць трэба толькі ядомыя грыбы, якія не выклікаюць сумневаў. Перабіраць і сартаваць гэтыя дары лясоў трэба адразу, бо яны хутка псуюцца.
Таксама не рэкамендуецца набываць грыбы па-за рынкамі, у месцы несанкцыянаванага гандлю. Вядома ж, нельга збіраць іх уздоўж аўтатрас, побач з прамысловымі прадпрыемствамі ды ў рысе гораду, нагадвае БелаПАН.