Рабаў: з серады пачнецца вясна, але з дажджамі
У Беларусь прыйдзе цёплае вільготнае паветра. Але галоўнае, што ўначы ўжо будзе вышэй за нуль.
У сераду ўначы на паўднёвым-захадзе краіны будзе да +2, на поўначы пакуль халаднавата — да -8 градусаў. Але ў сераду ўдзень ужо чакаецца ад +2 да +8, на поўдні — да +11 градусаў.
У чацвер стане яшчэ цяплей. Уначы ўжо не халадней за 0 градусаў, днём — ад 5 да 11 цяпла.
І далей тэмпература паветра працягне расці. Ужо ў пятніцу 0...+6 уначы, а ўдзень +9...+15 градусаў, па паўднёвай частцы краіны да +17.
"Але, на жаль, не абыдзецца без дажджоў у нас. У сераду ўначы на паўднёва-заходняй палове, а ўдзень і раніцай па большасці тэрыторыі краіны мокры снег, які пераходзіць у дождж. Уначы і раніцай слабы туман, на дарогах галалёдзіца", — кажа ў каментары Еўрарадыё кіраўнік службы прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.
У чацвер таксама кароткачасовы дождж. У пятніцу месцамі кароткачасовыя дажджы. А ўдзень чакаецца вецер з парывамі да 15-18 метраў за секунду. У суботу на большай тэрыторыі, а ў нядзелю месцамі кароткачасовыя ападкі.