З сядзібы БНФ скралі бел-чырвона-белы сцяг

Як паведамілі Еўрарадыё супрацоўніцы сядзібы БНФ, якая месціцца па вуліцы Чарнышэўскага, 3, сцяг скралі сярод белага дня. На сядзібе не было нікога з мужчын – таму сцяг не быў вывешаны, а стаяў у куце памяшкання, пры ўваходзе. Паводле супрацоўніц, незадоўга да здарэння адзін з наведнікаў цікавіўся ў іх, дзе можна набыць бел-чырвона-белы сцяг. Яны параілі яму пашукаць у інтэрнэце. А неўзабаве агледзелі, што іх уласны сцяг з памяшкання знік – прычым толькі палотнішча, тронак застаўшся на месцы.

Партыя БНФ не будзе звяртацца з гэтай прычыны ў міліцыю, бо лічыць страту нязначнай па грошах (у інтэрнэце аналагічны сцяг каштуе каля 25 тысяч рублёў). Скрадзены сцяг паспеў пабыць над сядзібай усяго некалькі месяцаў. Ад штодзённага вывешвання палотнішча хутка прыходзіць у нягоднасць, таму яго замяняюць на новае ў сярэднім кожныя паўгады. Замест скрадзенага сцяга ўжо вывешаны новы.

Дарэчы, некалькі гадоў таму сцяг ужо кралі – яшчэ з легендарнай сядзібы на Машэрава (Варвашэні), 8. Тады нейкі чалавек проста сярод белага дня зняў сцяг і дайшоў з ім ажно да Вайсковых могілак, актыўна махаючы пры гэтым. Там, паводле згадак партыйцаў, на мінака звярнулі ўвагу міліцыянты – той кінуў сцяг і ўцёк. У гэты момант міма праязджаў на машыне палітык Анатоль Лябедзька – які ўбачыў гэта, падняў сцяг і вярнуў яго на сядзібу БНФ. Тая гісторыя ўжо стала партыйнай легендай, таму цяжка сказаць, што з гэтага было “дадумана” пасля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі