За 2 тысячы долараў жыхары Турцыі едуць у Беларусь вучыць рускую мову
У слуцкім інтэрнаце для іх нават гатуюць спецыяльную турэцкую ежу.
Каля 30 грамадзянаў Турцыі прыехалі вывучаць рускую мову ў Слуцкі прафесійна-тэхнічны каледж перапрацоўчай прамысловасці. Гэта пераважна працаўнікі сферы турызму і гасцінічнага бізнэсу. Мова ім патрэбная, каб лепш кантактаваць з рускамоўнымі турыстамі, сярод якіх вельмі папулярнае міжземнаморскае і эгейскае узбярэжжа Турцыі.
"Прыватная ініцыятыва, турэцкая фірма, якая займаецца арганізацыяй курсаў па рускай мове. Хочуць палепшыць навыкі менавіта рускай мовы, каб потым лепш камунікаваць з рускамоўнымі турыстамі", — распавяла Еўрарадыё супрацоўніца каледжу.
Фірма Sahinbay пачала ладзіць адукацыйныя туры ў Беларусь, таму што намесніца дырэктара фірмы родам з Мінска. Але гэта не самая галоўная прычына, з-за якой рускую едуць вучыць да нас, а не ў Маскву. Тлумачыць прадстаўнік фірмы Аляксандр Радкевіч:
"Беларусь лічыцца больш спакойнай краінай, і тут больш бяспечна туркам, чым у той жа Маскве ці Кіеве. Шмат рускіх едзе адпачываць у Турцыю, таму большасць тых, хто прыехаў сюды вучыць рускую мову, — гэта супрацоўнікі сферы турызму. Чым лепей яны будуць ведаць рускую мову, тым лепей у іх будзе заробак".Беларусь лічыцца больш спакойнай краінай, і тут больш бяспечна туркам, чым у той жа Маскве ці Кіеве
Безумоўна, важную ролю ў выбары краіны для вывучэння мовы адыгрывае кошт навучання, кажа Радкевіч:
"Апошнім часам вялікі наплыў туркаў, якія хочуць вучыць рускую мову. Яны калі прыходзяць, то ведаюць толькі пра Маскву, але калі яны чуюць кошт маскоўскі — гэта дорага для іх. А потым, калі кажуць, ці не хацелі б паехаць у Беларусь, там кошт ніжэй — і для іх гэта больш прымальна".
Трохмесячны курс у Беларусі каштуе каля 2 тысяч долараў, гэта разам з харчаваннем, візай, пражываннем у інтэрнаце, білетамі ў два бакі. У Маскве ўсё тое ж самае ў 2-3 разы даражэй.
Туркі вучацца ў Мінску, Магілёве, Гродне, Баранавічах, а нядаўна выказаў жаданне прыняць замежнікаў і Слуцк.
Аляксандр Радкевіч: "Мы пачалі паступова рэкламаваць, што ёсць такі Слуцк, і вы таксама можаце вучыць мову. Сезону няма, ім рабіць ужо няма чаго. Яны за сезон грошы зарабілі, а цяпер трэба ў сябе інвеставаць. Вось яны зараз займаюцца гэтым".
Туркі з неахвотай едуць вучыцца ў ВНУ з кепскімі ўмовамі пражывання, а ў Слуцку новы інтэрнат, амаль з еўрарамонтам. Да таго ж ім адмыслова гатуюць ежу. Працягвае Аляксандр Радкевіч:
"І для іх спецыяльна гатуюць ежу, больш-менш падобную да турэцкай, яны дамовіліся. І іх усё задавальняе".
Плануецца, што ў Слуцку рускую мову будуць вывучаць яшчэ 2 групы замежнікаў. Прычым некаторых з іх таксама цікавіць вывучэнне кулінарыі.
Супрацоўніца каледжа: "У нас вельмі добрая лабараторыя, з шматфункцыянальным і якасным абсталяваннем, якое дазваляе гатаваць ежу без дадатку тлушчаў, захоўвае ўсе вітаміны і карысныя рэчывы".
Паводле Аляксандра Радкевіча, колькасць грамадзян Турцыі, якія едуць на вучобу ў Беларусь, будзе толькі расці. Некаторыя прыязджаюць другі раз — ужо на практыку.
Фота: sahinbay.com