За дабрачыннасць хворыя плацяць падатак

“Зараз у нас выконваюцца амаль усе аперацыі, якія праводзяцца і за мяжой. Калі штосьці зрабіць мы не можам, штомесяц збіраецца спецыяльная камісія і па 12-13 чалавек разглядаецца. Дваіх-траіх хворых накіроўваем за мяжу на лячэнне. Выдаткі аплачвае Мінздраў. Вядома, людзі могуць адмовіцца і лячыцца там, дзе ім захочацца за свой кошт”, — кажуць у Мінаховы здароўя нашай сацыяльна-арыентаванай дзяржавы.

Два-тры чалавекі — гэта кропля, у дапамозе мае патрэбу значна больш хворых дзетак. Бывае, хворыя проста не спадзяюцца на дзяржаву.

Алена, маці хворага на эпілепсію Сашы Фурса з Баранавічаў, расказвае, што грошы на першую і ўжо другую аперацыю, а гэта 16 тысяч еўра кожны раз, збіраюць усім светам. І што яна нават не спрабуе спадзявацца на чыноўнікаў. Каб хоць тыя вызвалілі ад… падаткаў!


“Пішам, каб на нас не накладвалі нейкія працэнты падаткаў за тыя грошы, што я атрымліваю ад людзей. Прыходзіць камісія і глядзіць, як мы жывём, нават у халадзільнік заглядаюць! У мяне няма футраў, нічога. Канечне, мой сын спіць на ложку, але багацця ў мяне няма. Але мы падаем дакументы ў падатковую, прыкладаем дакументы ад дактароў  і пішам заявы, спачатку на імя старшыні гарвыканкама, а потым на губернатара, каб нас не абкладалі падаткамі. Пішам раз на год на дапамогу — у 400 тысяч рублёў”.


Алене засталося сабраць трошкі больш за тысячу еўра, каб узнавіць лячэнне ў Германіі, тут дактары дапамагчы не могуць.


У Баранавіцкай інспекцыі па падатках і зборах Еўрарадыё тлумачаць, што за дабрачыннасць і сапраўды трэба плаціць падатак.


“Калі сума не перавышае 53 мільёны рублёў — плаціць нічога не трэба, а калі болей — 12% ад розніцы. Такі Падатковы Кодэкс”.

Да прыкладу, з атрыманых 16 тысяч еўра, неабходных Сашы, трэба заплаціць падатак дзяржаве большы за тысячу еўра. Гэта той дзяржаве, якая дае 400 тысяч рублёў дапамогі на год. Ад падатка могуць пазбавіць, калі ёсць шэраг дадатковых "паперак": заключэнне ўрачэбнай камісіі і заявы на імя старшынь гарвыканкакмаў і вышэй.


“Прыпоны бываюць, што не хочуць даваць бацькам дакументы, каб лячыць чалавека за мяжой. У нас няма ніякага заканадаўства наконт дабрачыннасці. Мы кіруемся пастановамі Мінюста”, — кажуць Еўрарадыё ў дабрачынным фондзе “Планета дабра”.

Тут спадзяюцца, што хоць словам змогуць перавярнуць сітуацыю, каб дабрачыннасць была неяк аформленая заканадаўча, і людзей гэта заахвочвала дапамагаць.


У дабрачынных фондах Беларусі кажуць, што часцей на просьбы пра дапамогу адгукаюцца простыя людзі.


“У нас бабулька ўжо 10 гадоў адлічвае са сваёй пенсіі ў наш адрас грошы. Спачатку было 10 рублёў, цяпер 10 тысяч. Дзеці атрымліваюць ад дзяржавы ўёе, што трэба — бясплатнае лячэнне, сацыяльную дапамогу”, — узгадваюць у Беларускім дзіцячым хоспісе.


Прадстаўнікі фондаў часта “сутыкаюцца з сітуацыяй”, калі дапамагаюць індывідуальныя прадпрымальнікі, але просяць іх ніяк не ўказваць, каб не плаціць падаткі яшчэ і на гэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі