За доларам пачалі падаць кошты на тавары
Еўрарадыё прагулялася па крамах Мінска і параўнала старыя кошты з новымі. Шампунь Dove цяпер можна набыць за 19 тысяч, раней ён каштаваў каля 27.
Услед за доларам кошты спынілі свой рост і пачалі зніжацца. Так, напрыклад, у краме "Электрасіла" побач з перакрэсленымі старымі цэтлікамі з'явіліся новыя.
"Цяпер усе кошты змененыя ў меншы бок. Усё гэта абазначана ў зале, каб пакупнік бачыў, які кошт быў раней і наколькі ён цяпер змяніўся, — распавядае Еўрарадыё дырэктарка крамы. — Гэта адбывалася пастаянна, штомесяц кошты змяняліся. У верасні таксама, амаль на ўвесь тавар, які мы прадаем, на 99 працэнтаў ўсяго тавара кошты змяніліся ў меншы бок. Стараемся зменшыць кошты, наколькі гэта эканамічна магчыма".
На некаторыя тавары кошт знізіўся на мільёны: напрыклад, халадзільнік Sharp каштаваў 22 мільёны 610 тысяч — цяпер 20 мільёнаў 349 тысяч. Пліта "ВЕКО" патаннела на 225 тысяч і цяпер каштуе 2 мільёны 287 тысяч.
Пыласос Samsung стаў танней на 100 тысяч, а яго беларускі аналаг "Віцязь" у кошце не знізіўся зусім — як і пральная машына "Атлант". Праўда, яна і так самая танная — 1 мільён 944 тысячы. Бліжэйшы па кошце Indesit патаннеў з 3 мільёнаў 800 тысяч да 3 мільёнаў 420 тысяч.
У краме "Палас" на Уманскай ужо другі раз за верасень будуць друкаваць новыя цэтлікі. Тут паступаюць не так "хітра" — старыя цэтлікі здымаюць, таму параўнаць цяжэй. Але ў краме Еўрарадыё гарантавалі, што кошты знізіліся прынамсі на 15 працэнтаў.
"Мы як імпарцёр прывязаныя да долара. І мы прывязаныя да курсу. Курс расце — і кошты растуць, цяпер курс падае — і кошты зніжаюцца. У нашых інтарэсах зніжаць кошты, каб зацікавіць пакупніка. Зараз вісіць шыльда ў нас, што кошты знізіліся на 15 працэнтаў".
Ламінат Egger раней каштаваў 136 тысяч за квадрат — цяпер можна купіць за 120, а шпалеры, ацэненыя раней у 105 тысяч, прадаюцца за 84.
Пачалі зніжацца кошты і на бытавую хімію ды іншыя імпартныя тавары ў гіпермаркетах.
"У сярэднім шампуні сталі танней на 4-5 тысячы. Dove каштуе 19 тысяч, раней 27 тысяч", — пацвердзілі ў адной з крамаў.