За год Літву наведала 400 тысяч беларусаў

130208_eurafokus.mp3

За мінулы год інфармацыйна-турысцкі цэнтр Вільні налічыў на 62% больш турыстаў з Беларусі ў параўнанні з 2011 годам.

“У 2011 годзе ў турыстычна-інфармацыйныя цэнтры Вільні звярнулася каля 3500 наведвальнікаў з Беларусі. А ў 2012 годзе ў нас было больш як 6 тысяч турыстаў з Беларусі”, — распавядае супрацоўніца Віленскага інфармацыйна-турысцкага цэнтра Зіта Букена.

Яно і не дзіўна. У 2011 годзе, згодна з дадзенымі літоўскага Дэпартамента статыстыкі, больш за ўсё турыстаў у Літву прыехала менавіта з Беларусі — 340 тысяч чалавек. Але і гэта не мяжа, лічаць літоўцы.

“Паколькі ў 2011 годзе беларускіх турыстаў было на 17% больш, чым у 2010-м, то мы прагназуем, што ў 2012 годзе будзе 400 тысяч беларусаў. Думаем, што адбыўся рост прыкладна на 17%”, — кажа Еўрарадыё супрацоўніца аддзела інфармацыі Дзяржаўнага турыстычнага дэпартамента Літвы Герда Буткувенэ.

Турысты з якіх краінаў наведвалі Літву ў 2011 годзе, матэрыялы прадастаўлены Дзяржаўным турыстычным дэпартаментам Літвы

Дырэктар турыстычнай кампаніі “Балтик Трэвел” Ірына Калеснікава таксама прызнае павелічэнне беларускай турыстычнай плыні ў Літву. Праўда, Ірыне Калеснікавай, якая працуе з Літвой ужо каля 10 гадоў, ёсць з чым параўнаць.

Ірына Калеснікава: “Калі віза каштавала 5 еўра, жадаючых было не менш. Адразу, калі зрабілі кошт візы 60 еўра, колькасць людзей крыху знізілася. Бо так проста ў краму па каўбасу ўжо не паедзеш”.

Вялікай колькасці беларусаў у Літве спрыяе разнастайнасць турыстычных тураў, шматлікія аўтобусы з Мінска ў Літву і ўвядзенне новага цягніка да Вільні.

Ірына Калеснікава: “Быў адзін перыяд, калі ўсім былі патрэбны экскурсіі. Цяпер большасці экскурсіі непатрэбныя, яны самі ўсё ведаюць. Тыя, хто едзе ў Палангу, там таксама экскурсій у асноўным няма. Яны гуляюць па батанічным парку, гуляюць па лесе, ходзяць, ездзяць на роварах. Максімум выязджаюць у Клайпеду на пароме, у Марскі музей”.

Цікава, што ў ковенскім Інфармацыйна-турысцкім цэнтры ў 2012 годзе колькасць беларускіх турыстаў знізілася. Так, у 2011 годзе сюды звярнулася 1857 беларусаў, а летась — толькі 1668 (на 10% менш). Але, як кажа кіраўнік камерцыйнага аддзела мясцовага аэрапорта Юратэ Балтрушайцітэ, беларусы ахвотна лятаюць з Коўна (як і з Вільні, дарэчы). Ды яшчэ куды!

Юратэ Балтрушайцітэ: “У 2012 годзе каля 8-10% агульнага пасажырапатоку былі грамадзяне Беларусі. Грамадзяне Беларусі вельмі часта падарожнічалі з Коўна па гэтых “сонечных” напрамках: Родас, Кос, Алікантэ, Мальта, Кіпр. Гэтыя напрамкі летась былі самыя прывабныя”.

Фота: mundustravels.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі