Закон аб спецслужбах парламентам яшчэ не прыняты

111017 Luka6uk Deputat.mp3

Некалькі дзён таму Еўрарадыё, спасылаючыся на словы намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрных пытаннях Уладзіміра Маёрава, паведаміла, што законапраект аб спецслужбах дэпутатамі быў прыняты. Як высветлілася, падчас размовы дэпутат крыху пераблытаў законы.

Уладзімір Маёраў: “Я меў на ўвазе не гэты закон (праект закона “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон РБ “Аб органах дзяржаўнай бяспекі РБ” — Еўрарадыё), я меў на ўвазе закон “Аб масавых мерапрыемствах”, выбачайце, калі ласка! Быў пад уражаннем ад таго законапраекта, які мы абмяркоўвалі і днямі прынялі, “Аб масавых мерапрыемствах” — там таксама ёсць пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю спецорганаў. Таму я так і сказаў... Проста, як кажуць, думаў пра іншае. Практычна, дакументы ў нас ёсць, але ў якасці закона яго яшчэ няма”.

Дарэчы, Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі размясціў у сябе праект закона “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон РБ “Аб органах дзяржаўнай бяспекі РБ”. І там пазначана, што гэты праект нібыта прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і падтрыманы сенатарамі Савета Рэспублікі. Але, як апынулася, запіс гэты не “поўны” і не трэба было на яго арыентавацца.

Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал: “Калі праектазакон прыняты Палатай прадстаўнікоў альбо падтрыманы Саветам Рэспублікі, то насупраць стаіць дата. Вось, калі будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў, то наступны варыянт законапраекта да нас прыйдзе з гэтым полем запоўненым”.

Паводле слоў дэпутата Уладзіміра Маёрава, 17 кастрычніка народныя абраннікі вярнуліся са сваіх выбарчых акругаў, і з гэтага дня пачынаецца іх праца ў парламенце. Магчыма, сёння стане вядома, калі дэпутаты разгледзяць праект закона аб спецслужбах.

Уладзімір Маёраў: “У нас сёння пачаўся тыдзень (працы ў парламенце — Еўрарадыё), да гэтага мы тыдзень працавалі ў акругах. Таму магчыма, што нават сёння стане вядома ў абед”.

Еўрарадыё: “Вы маеце на ўвазе, што стане вядома, калі гэты законапраект будуць прымаць?”

Уладзімір Маёраў: “Так. Усё ж плануецца, план складаецца”.

І ўпэўніў, што да канца гэтай сесіі закон аб спецслужбах будзе дакладна прыняты дэпутатамі — зараз актыўна абмяркоўваецца ў камісіях. Сесія ж у дэпутатаў працягнецца да канца снежня.

Еўрарадыё пацікавілася, ці змогуць журналісты прысутнічаць на тым пасяджэнні, дзе будзе прымацца законапраект аб спецслужбах.

Уладзімір Маёраў: “Практычна на ўсіх нашых пасяджэннях прысутнічаюць журналісты, але канкрэтна наконт гэтага я не магу вам нічога сказаць — гэта не ў маёй кампетэнцыі”.

У сваю чаргу начальнік Упраўлення інфармацыйна-аналітычнай працы Мікалай Ліс кажа, што дэпутаты маюць права прымаць рашэнне, на якія свае пасяджэнні пускаць журналістаў, а на якія не. Казаць загадзя, у якім рэжыме будзе разглядацца праект закона аб спецслужбах, ніхто не можа.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі