Заробак беларуса ў Венесуэле — 4.7 мільёна рублёў + 30 USD сутачных

Некалькі дзён таму 9 выпускнікоў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта паехалі адпрацоўваць двухгадовае размеркаванне ў Венесуэлу. Як расказаў Еўрарадыё Дзяніс, брат аднаго з такіх “венесуэльцаў” Аляксандра Дашкевіча, хлопцы спакусіліся на экзотыку і доўгі рубель.


Дзяніс Дашкевіч: “Ім паабяцалі камандзіровачныя 900 долараў, па 30 долараў у дзень. І заробак — 4 мільёны 700 тысяч. Вы ж разумееце, што калі заканчваеш універсітэт, па-любому два гады адпрацоўкі павінна быць. А зараз крызіс у краіне і такой нармальнай працы ён не атрымаў бы”.


Як кажа Дзяніс, бацькі ад’езду брата ў Венесуэлу ажно на два гады асабліва не супраціўляліся. Будуць беларусы майстрамі будаўнічых і мантажных работ на будоўлі жылога мікрараёна ў горадзе Маракаі. Жонкі ці дзяўчыны ў Аляксандра няма, і таму тут нічога не трымала. Адзінае — былі напачатку пэўныя сумневы ў бяспецы.


Дзяніс Дашкевіч: “Ім адразу казалі, каб асабліва не выходзілі (за межы рэзідэнцыі. — Еўрарадыё) і па адным хадзіць непажадана. Але ў інтэрнэце мы вычыталі, што днём там усё з гэтым нармальна, проста розныя раёны ёсць. Галоўнае не “свяціцца” золатам, каштоўнасцямі — і ўсё будзе нармальна”.


Жадаючых паехаць у Венесуэлу было 15 чалавек на 9 месцаў. Таму адбіралі яшчэ і па медычных паказчыках.


Дзяніс Дашкевіч: “Праходзілі яны ў Мінску медкамісію. І тут па ўсім дыспансерам: наркалагічны, туберкулёзны, псіхдыспансер. Рабілі ім розныя прышчэпкі, на сіфіліс бралі аналізы. Прышчэпку ад жоўтай ліхаманкі рабілі — вельмі шмат усяго”.


Аляксандр ужо паспеў патэлефанаваць з Венесуэлы. Расказаў, што жыве ў двухпакаёвых апартаментах з кандыцыянерам. Вось толькі пакуль не мае магчымасці “скайпавацца” з роднымі. І пакуль не было ніводнай гадзіны абяцаных курсаў іспанскай мовы. А без яе там — нікуды.


Як даведалася Еўрарадыё, бліжэйшымі днямі ў камандзіроўку ў Венесуэлу едуць яшчэ тры спецыялісты з Брэста — супрацоўнікі Будтрэста №8. Будучы начальнік будаўнічага ўчастку ў Маракаі Алег Філіпаў прызнаўся, што атрымліваць у Венесуэле будзе больш, чым на радзіме.


Алег Філіпаў: “Я камандзіровак не баюся асабліва — гэта новыя сустрэчы, новыя знаёмствы, новыя адчуванні. Калі б я яшчэ патрапіў ў Паўднёвую Амерыку! Тым больш, што паўгода – не такі ўжо вялікі тэрмін, але дастатковы, каб зведаць краіну, звычаі. У рэшце рэшт — магніцікі на халадзільнік прывезці!”.


Крымінагенная сітуацыя венесуэльскіх гарадоў беларускага будаўніка не палохае.


Алег Філіпаў: “Я ў Брэсце вырас ў дастаткова крымінагенным раёне — і нічога са мной не здарылася. Калі выконваць элементарныя ўмовы асабістай бяспекі — цёмнымі завулкамі па начах з сумкай не хадзіць і не паказваць, што ў цябе ёсць у кішэнях — нічога з табой не здарыцца”.


Жыць будаўнікі будуць у апартаментах беларускай рэзідэнцыі, якая разам з будаўнічай пляцоўкай знаходзіцца пад пастаяннай аховай.


Алег Філіпаў: “У нас будуць трохпакаёвыя кватэры ў рэзідэнцыі — я так зразумеў, што ў Беларусі там ёсць рэзідэнцыя. Нас там будуць, каб нічога з намі не здарылася, ахоўваць. Бяспека нашага жыцця ў рэзідэнцыі і на будаўнічай пляцоўцы гарантуецца. Бяспека рэчаў, жылля і спакойны адпачынак нам таксама даецца”.


Беларускіх будаўнікоў у Венесуэлу вось ужо некалькі гадоў накіроўвае “Белзамежбуд”. І як прызналася Еўрарадыё супрацоўніца гэтай фірмы, спадзяванні на тое, што пасля працы можна вывучыць краіну і звычкі яе жыхароў — марныя.


Супрацоўніца “Белзамежбуда”: “Скажу вам шчыра: я не паспела паглядзець Венесуэлу за тыя некалькі месяцаў, што там працавала. Бачыла толькі Карыбскае мора і ўсё. Хаця там ёсць месцы, якія хацелася б наведаць, вельмі цікавыя”.


Што тычыцца размоў пра “рэзідэнцыю”, то гэта занадта гучная назва.


Супрацоўніца “Белзамежбуда”: “Рэзідэнцыяй там называецца проста жылы дом. Ён агароджаны плотам і там сядзіць ахоўнік. І ўсё! Гэта не нейкі там комплекс — гэта проста дом”.


Ні крамы, ні кінатэатра, ні бары ў гэтай “рэзідэнцыі” няма. Выходзіць у горад дзяўчына раіць вельмі асцярожна.


Супрацоўніца “Белзамежбуда”: “Нельга хадзіць па завулках. І ўвогуле, пажадана паўсюль перасоўвацца выключна на таксі. Альбо на службовым транспарце з кіроўцам”.


Але для выпускнікоў ВНУ такое размеркаванне карыснае — досведу набяруцца, хоць нешта, ды пабачаць. Хаця б магніцікі на халадзільнік прывязуць.

Фота — bvn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі