Затрыманых ля будынку КДБ журналістак адпусцілі
Фатограф-фрылансер Юлія Дарашкевіч і аператарка “Нашай Нівы” Таццяна Гаўрыльчык знаходзіліся ў КДБ амаль увесь дзень.
Іх затрымалі сёння пасля 11.00, калі яны здымалі акцыю ўкраінскай арганізацыі FEMEN у Мінску. Акцыя праходзіла ля будынку КДБ. Супрацоўнікі спецслужбаў схапілі менавіта журналістаў, якія асвятлялі падзею. Дзякуючы гэтаму ўкраінскія госці паспелі ўцячы і не былі затрыманыя.
У Юліі Дарашкевіч і Таццяны Гаўрыльчык адабралі ўсю апаратуру. На іх пытанні аб прычынах затрымання ніхто не адказваў. Праз 10 гадзінаў іх адпусцілі.
Аўстралійскую аператарку Кіці Грын, якая здымала фільм пра дзейнасць FEMEN і была затрыманая разам з беларускімі калегамі, адпусцілі раней.