Затрыманых паплечнікаў Дзмітрыя Уса адпусцілі
Актывісты з Брэстчыны збіраліся ў Мінск на ўстаноўчы сход ініцыятыўнай групы па змяненні выбарчага заканадаўства.
На Уладзімера Катрыча, які яшчэ з двума брэстаўчанамі быў затрыманы ў Кобрыне, склалі пратакол за пратэрмінаванае тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіля, інфармуе Радыё Свабода. Спадар Катрыч кажа, што ў Кобрынскім РАУСе іх трымалі тры гадзіны, хаця аформіць штраф можна было за 5 хвілін на дарозе.
Адпусцілі і чатырох баранавіцкіх актывістаў. Як распавёў Рыгор Грык, міліцыянты патлумачылі ім, што яны падобныя да злачынцаў. Паводле Грыка, міліцыянтам нібыта нехта патэлефанаваў і сказаў, што яны перавозяць выбухоўку. Актывістаў даставілі ў лінейны пункт міліцыі на баранавіцкім вакзале, дзе цягам трох гадзінаў бралі ў іх тлумачэнні.
1 траўня ў Мінску былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус планаваў правесці ўстаноўчы сход ініцыятывы па змяненні выбарчага заканадаўства.