Суд над Андрэем Пачобутам працягнецца ў пятніцу (фотарэпартаж)
Слухачы даслалі ў рэдакцыю здымкі невядомых, якія адганялі Аксану Пачобут ад будынка суда. Справа журналіста можа быць перакваліфікаваная.
16.05 Суд перанесены на 10 гадзінаў раніцы 17 чэрвеня. Перанос працэсу суддзя аргументаваў тым, што яму трэба ўдакладніць абвінавачанне. Сёння ж былі дапытаныя эксперты, якія рабілі моўную экспертызу выказванняў Пачобута, – загадчык абласнога аддзела ідэалогіі Павел Скрабко і супрацоўнік аддзела ідэалогіі, адказны за сувязі са СМІ Віктар Жалезняковіч, а таксама прафесар кафедры рускай мовы Гродзенскага універсітэта Аляксей Нікіцевіч. Абарона Пачобута заявіла на пятніцу 12 сведкаў. Па словах адвакатаў, журналіст крыху прастуджаны, але трымаецца ў добрым настроі.
14.43 Людзей ля суда значна паменела, засталіся ў асноўным журналісты і актывісты СПБ. Сярод людзей ходзяць тры падазроныя маладзёны, падслухоўваюць размовы. У адным з іх Аксана Пачобут пазнала чалавека, які разам з міліцыянтамі адганяў яе ад будынка суда і спрабаваў адабраць сумку. Людзі сфатаграфавалі маладзёнаў у цывільным.
Вось той, хто разам з міліцыянтамі адганяў Аксану Пачобут і вырываў у яе сумку.
Вось гэты "чытач у цывільным" чытаў у прысутных праз плячо газету СПБ "Глос з-над Нёмну".
14.37 Аксана Пачобут (вельмі хвалюецца): "Суддзя адпрэчвае ўсіх сведкаў з боку абароны, адхіліў удзел трэцяга адваката Пачобута, у працэсе бяруць удзел толькі сведкі абвінавачання. Ачэпленая тэрыторыя суседняй бальніцы, каб не дапусціць людзей да будынка суда. Яна Пачобут адзначае сваё 11-годдзе, стоячы пад судом". Жонку Аксану і дзяцей - Яну і малодшага Ярыка (1,5 гады) не дапусцілі ў будынак суда.
На здымку ўнізе - Яна і Аксана Пачобут, а таксама спадарыня Ірына, маці журналіста Аляксея Салея, блізкага сябра Анджэя Пачобута.
14.20. Андрэя Пачобута ўжо прывезлі ў суд. Прысутныя каля будынка бачылі, як яго вялі праз задні двор з нахіленай галавой .
13.05. З будынка вывелі ў аўтазак Андрэя Пачобута, верагодна, павязуць на абед. Міліцыянты зрабілі "жывы калідор", каб ніхто з прысутных не пабачыў Андрэя Пачобута. Але Андрэй паспеў прывітаць прысутных. Людзі скандавалі "Свабоду Пачобуту!".
У судзе абвешчаны перапынак да 14.30. Адвакат Аляксандр Бірылаў выйшаў з будынка, але ўстрымліваецца ад каментароў. Зазначыў толькі, што суд можа працягнуцца некалькі дзён.
13.00. Да будынка суда пад'ехаў аўтазак. Прысутныя падыйшлі і сочаць, каго будуць выводзіць.
12.30. Каля будынка Ленінскага суда цяпер знаходзіцца каля 100 чалавек.
11.35. Каля суда працягваюць знаходзіцца дзесяткі людзей. Мяркуецца, што а 13-й гадзіне будзе абвешчаны перапынак і з будынка выйдзе адвакат Андрэя Пачобута.
11.25. Правабаронца Алесь Бяляцкі ў жывым эфіры Еўрарадыё падкрэсліў, што "справа Пачобута" добра вядомая ў Еўропе. Ёй заклапочаныя і палітыкі, і праваабронцы. "Справа разглядаецца як новы віток рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, якая не звязана наўпрост з падзеям 19 снежня", — сказаў Алесь Бяляцкі
11.10. Выконваючая абавязкі cтаршыні непрызнага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Арэхва паведаміла Еўрарадыё, што па-ранейшаму не можа выехаць да Ленінскага суда, дзе судзяць Андрэя Пачобута. Яе "вартуе" супрацоўніца міліцыі. Таксама спадарыня Арэхва нічога не даведалася пра месцазнаходжанне яе мужа Ігара Банцара, якога раніцай затрымалі міліцыянты.
10.50. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ў жывым эфіры Еўрарадыё адзначыла, што "працэс Пачобута трэба разглядаць у кантэксце ўсяго, што адбываецца з журналістамі ў Беларусі за апошнія паўгода". Яна нагадала, што дагэтуль пад пагрозай закрыцця знаходзяцца газеты "Народная воля" і "Наша ніва".
"Андрэй Пачобут — чалавек моцнай волі... Яму, відаць, трэба рыхтавацца да суровага прысуду", — сказала Літвіна.
Усе незалежныя журналісты салідарныя з Андрэем, адзначыла яна.
10.30. Прысутныя сябры Саюза палякаў чытаюць малітву "Ойча наш", спяваюць песні.
10.20. Каля будынка Ленінскага суда з'явілася здымачная група Гродзенскай абласной тэлевізіі, але без сваіх традыцыйных апазнавальных знакаў. Яны здымаюць здалёк.
10.10. Каля суда сабралося чалавек 60-70. Прыехаў лідэр Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, які цяпер дае інтэрв'ю шматлікім журналістам.
Прысутным раздавалі чырвоныя майкі з надпісам "Свабоду!", а таксама газету з фота Андрэя Пачобута.
Яраслаў, Яна (дзеці Андрэя Пачобута) і Аксана Пачобут
9.58. Стала вядома, што Анжаліка Арэхва павезла дачку да бацькоў мужа, затрыманага сёння міліцыянтамі Ігара Банцара. Туды прыехала міліцыянтка, якая яе не выпускае з дому, кажа, што ёй трэба будзе з'явіцца сёння на допыт. Як паведаміла Анжаліка Арэхва ў жывым эфіры Еўрарадыё, што, верагодна, гэта робіцца, каб яна не патрапіла да будынка суда, дзе сёння пачаўся працэс над Андрэем Пачобутам.
У суд не прапусцілі польскага консула.
9.49. Прыйшла жонка Пачобута Аксана з дзецьмі. Яна хацела ў суд зайсці, каб "ад суддзі пачуць, што суд сапраўды закрыты". Аднак ахова прапанавала ёй выйсці з будынка.
Аксана Пачобут спрабуе зайсці ў будынак суда.
Каля Ленінскага суда цяпер сабралося каля 50 чалавек.
9.38. Людзей стала больш. З Мінску прыехала група сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў на чале са старшынёй арганізацыі Жанай Літвіной. Да суда прыйшоў бацька Андрэя Пачобута Станіслаў Пачобут.
Міліцыянтаў у форме, акрамя аховы, каля будынка суда практычна няма. Прысутнічаюць мужчыны ў цывільным, некаторыя з іх з відэакамерамі.
9.25. Каля Ленінскага суда ў Гродне цяпер сабраліся каля 20-25 рэпартцёраў, шмат журналістаў польскіх СМІ. Адзін з рэпарцёраў спрабаваў зайсці ў будынак — яго не прапусцілі.
***
Судовае паседжанне прыпала на дзень народзінаў старэйшай дачкі Андрэя Пачобута Яны, якой сёння споўніцца 11 гадоў.
Паколькі паседжанне суда будзе закрытым, на яго не змогуць трапіць нават сваякі падсуднага. Пра закрытасць працэсу хадайнічала абласная пракуратура. Калегі Пачобута, сябры Саюза палякаў на Беларусі”, а таксама знаёмыя журналіста збіраюцца чакаць вынікаў каля будынка суда.
Нагадаем, Пачобута абвінавацілі ў паклёпе і абразе кіраўніка Беларусі. Падставы пракуратура знайшла ў артыкулах у “Газеце Выборчай”, у калонцы Пачобута на сайце “Беларускі партызан”, а таксама ў адным з допісаў у LiveJournal. Журналісту пагражае да 4 гадоў зняволення.