Збітага Андрэя Моўчана будуць судзіць за несанкцыяваны пікет
Судовую справу актывіста "Еўрапейскай Беларусі", збітага міліцыянтамі, будзе 4 ліпеня разглядаць суд Першамайскага раёну Мінску.
Як паведаміў сам Моўчан у каментары Радыё "Свабода", суд прызначаны на 15.30. Нагадаем, што 19 траўня хлопец разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг каля ўніверсама "Першамайскі" ў Мінску. Гэтак ён выказаў салідарнасць з палітвязнем Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі Моўчана і жорстка збілі. Ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, у хлопца былі адбітыя ныркі і ногі.
25 траўня Моўчана выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі. У эпікрызе пазначылі толькі лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Пералом сківіцы, а таксама іншыя траўмы стаяць пад пытаннем.
Фота — svaboda.org