Зборшчыку подпісаў за Мілінкевіча разбілі галаву
Трое нападнікаў затрыманыя, здарэнне адбылося ў пераходзе метро "Уручча".
Напалі на Алеся Марчанку (на фота ён справа). Яму разбілі галаву, зламалі штэндар і спрабавалі знішчыць подпісы. Нападнікі затрыманыя. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Юрась Меляшкевіч:
"Пікет у пераходзе ля метро "Уручча" быў зраніцы. Актывіст Алесь Марчанка быў там адзін, бо напарніца адышла. Падышлі трое маладых людзей адзін з якіх хацеў паставіць подпіс за Мілінкевіча. А другі пачаў яго адгаворваць. Тады яны папрасілі біяграфію кандыдата, калі пабачылі, што яна па-беларуску, сказалі, што не разумеюць. Актывіст прапанаваў ім зачытаць біяграфію. Відаць гэта іх пакрыўдзіла. Пасля маладыя людзі пачалі вырываць з рук Марчанкі падпісныя лісты, нанеслі удар у галаву. Яму рассеклі галаву, было даволі шмат крыві, падпісныя лісты таксама ў крыві".
Дваіх нападнікаў затрымаў адразу ля выхаду з метро супрацоўнік міліцыі. Трэцяга затрымалі пазней. Цяпер склалі рапарт, будуць праводзіць агляд месца здарэння. Алеся Марчанку забрала хуткая. Бачна, што нападнікі былі п’яныя, дадае Меляшкевіч.