Жыхар Баранавічаў забіў чалавека, каб пакатацца на яго аўто
За гэта 23-гадовага непрацуючага хлопца асудзілі на 22 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Як паведамляе БелаПАН, увечары 17 верасня 2012 года ў Баранавічах нецвярозы малады чалавек прыйшоў у адзін з гаражных масіваў горада. Каля аднаго з гаражоў ён убачыў аўтамабіль "Опель-Зафіра" і захацеў на ім пакатацца. Драўлянай палкай ён забіў у гаражы 31-гадовага ўладальніка аўтамабіля. Потым зламыснік забраў ключы ад "Опеля", мабільнік ахвяры і паехаў на аўтамабілі ў Ляхавіцкі раён. Там ён выкінуў тэлефон і скрываўленую палку, якой збіваў мужчыну.
Потым хлопец прыехаў у Баранавічы і катаўся па горадзе. Па дарозе ён падабраў сабе ў кампанію яшчэ двух хлопцаў, з якімі разам працягнуў выпіваць.
Каля дзвюх гадзін ночы 18 верасня даішнікі затрымалі нецвярозага кіроўцу. Тады ж выявілася, што ён не ўладальнік аўтамабіля. Мёртвага мужчыну ў гаражы знайшлі зранку яго сваякі.
Акрамя турэмнага тэрміну злачынцу прысудзілі яшчэ кампенсацыю маральнай шкоды сваякам ахвяры — 100 мільёнаў рублёў.
Фота — chastnik.ru