Жыхар Бярозы спрабаваў атрымаць спадчыну — 9 млн долараў з Тога
І высветліў: ягонае “Тога”, мабыць, у Расіі. Падказка каштавала 4 тысячы долараў.
Мужчына атрымліваў бланкі з падобнымі на сапраўдныя рэквізітамі, штампамі і подпісамі спачатку з афрыканскай краіны Тога, а потым з Расіі. Яму паведамілі, што сястра, якая сапраўды загінула з сям’ёй у авіякатастрофе, пакінула спадчыну ў 9 мільёнаў долараў і што ўсё да цэнта належыць яму аднаму.
Каб атрымаць спадчыну, яму належала аплаціць натарыяльныя паслугі, разтаможку грузу, які збіраліся прывезці ў форме наяўных грошай у Бярозу і які, нібыта, апынуўся ў Санкт-Пецярбургу, а таксама паслугі ахоўнікаў-экспедытараў…
Як паведамляе сайт bk-brest.by, першыя два прад’яўленыя плацяжы ў больш за 2000 і 1800 долараў беразаўчанін перавёў на пазначаныя рахункі, а вось 11,5 тысяч ахоўнікам пераводзіць не схацеў, бо западозрыў, што яго падманваюць.
Нарэшце, мужчына з парады супрацоўнікаў банка ў Бярозе сказаў апекунам спадчыны тэрмінова перавесці грошы на рахунак. На гэтым дыялог перарваўся. Цяпер справай будзе займацца міліцыя.