Зміцеру Бандарэнку 26 ліпеня зробяць аперацыю
У панядзелак палітвязня перавядуць з Рэспубліканскай турэмнай лякарні ў 5-ю клініку Мінска. А ўжо праз чатыры дні зноў вернуць на Валадарскага.
Асуджаны за падзеі на Плошчы Зміцер Бандарэнка мае сур’ёзныя праблемы з пазваночнікам. Калі яму не забяспечаць належную медыцынскую дапамогу, ён не зможа хадзіць. Рабіць аперацыю менавіта зараз без перыяду аднаўлення небяспечна. Такое заключэнне даў жонцы палітвязня Вользе Бандарэнка незалежны хірург. Супраць аперацыі выступаюць нават дактары з турэмнай лякарні. Пасля хірургічнага ўмяшання такога кшталту чалавек павінен выконваць пэўныя рэкамендацыі, а за кратамі гэта немагчыма.
У клініцы пасля аперацыі Зміцер Бандарэнка будзе знаходзіцца чатыры дні, а потым — 2 тыдні ў турэмнай лякарні на Валадарскага. Магчымыя моцныя болі і жонка палітзняволенага баіцца, што яго будуць шантажаваць. Маўляў, не напішаш ліст аб памілаванні — не дамо болесуцішальнага, перадае Хартыя-97.