Зонд NASA знайшоў на Марсе свайго савецкага "прадзеда" (фота)
Расійскія энтузіясты касманаўтыкі і спецыялісты NASA знайшлі на здымках паверхні "чырвонай планеты" савецкі зонд "Марс-3".
Аўтаматычная станцыя стартавала да Марса 29 мая 1971 года, а 2 снежня яе пасадачны модуль увайшоў у атмасферу планеты і здзейсніў мяккую пасадку — першую ў гісторыі і адзіную ў савецкай марсіянскай праграме. Зонд пачаў перадаваць інфармацыю, але праз 14,5 секунды сувязь перарвалася. На думку спецыялістаў, электроннае начынне модуля было "забітае" разрадам статычнай электрычнасці, якая назапашваецца ў экстрэмальна сухіх марсіянскіх умовах, паведамляе РІА "Новости".
У снежні 2012 года расійскія энтузіясты пабачылі на здымках зонда MRO аб'ект, вельмі падобны на савецкую станцыю. У сакавіку сёлета NASA арганізавала паўторную здымку гэтага раёна. На іх сапраўды быў "Марс-3".
Фота — NASA, ria.ru