ЗША называюць сітуацыю ў Беларусі “працяглай зімой”
Пра гэта заявіў памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан, выступаючы на паседжанні Камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 28 ліпеня.
Сітуацыя ў Беларусі стварае рэзкі кантраст з ашаламляльнымі падзеямі ў Паўночнай Афрыцы ў часе “арабскай вясны”. Пачалася “працяглая зіма”, тармажэнне ў галіне правоў чалавека і асноўных свабод.
“Мы працягваем працаваць над тым, каб АБСЕ і міжнародная супольнасць засяродзіліся на праблемах, узнятых у справаздачы”, — цытуе Філіпа Гордана БелаПАН са спасылкай на прэс-службу амерыканскай амбасады.
У сваю чаргу, памочнік дзяржсакратара ЗША Майкл Познер звярнуў увагу на тое, што Беларусь адмовілася падоўжыць мандат офіса АБСЕ ў Мінску і чыніла перашкоды ў працы Маскоўскага механізму, бо не пусціла ў краіну спецдакладчыка АБСЕ.
Такімі паводзінамі Беларусь толькі прыцягвае больш увагі да сваёй кепскай рэпутацыі ў галіне правоў чалавека, лічаць прадстаўнікі ЗША.