ЗША працягнулі на год санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
Гэтыя санкцыі ўвёў 16 чэрвеня 2006 года прэзідэнт Джордж Буш. Цяпер Барак Абама падоўжыў дзеянне санкцыяў.
Адпаведнае паведамленне за подпісам Абамы з'явілася на афіцыйным сайце Белага дома. Амерыканскі прэзідэнт адзначае, што ў 2011 годзе беларускія ўлады працягнулі ціск на палітычную апазіцыю, грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ. Таксама ў звароце гаворыцца, што "прынамсі аднаго праваабаронцу адправілі ў турму па сфабрыкаваных абвінавачваннях, а незалежным СМІ перашкаджалі ў распаўсюдзе інфармацыі і матэрыялаў".
Прэзідэнт ЗША падкрэслівае, што такія дзеянні беларускага ўрада сведчаць пра "крок назад у развіцці дэмакратычнага кіравання і павагі да правоў чалавека", перадае БелаПАН.
Нагадаем, у 2006 годзе ЗША ўвялі візавыя і фінансавыя абмежаванні для дзесяці чалавек: Аляксандра Лукашэнкі, памочніка прэзідэнта Віктара Лукашэнкі, старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, тагачаснага міністра юстыцыі Віктара Галаванава, памочніка прэзідэнта па асаблівых даручэннях Віктара Шэймана, тагачаснага кіраўніка СОБРа Дзмітрыя Паўлічэнкі, старшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі, старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч. Амерыканскім кампаніям забаронена складаць кантракты з гэтымі людзьмі.
Фота — nv-online.info